У Менску расеец замест аплаты ўдарыў таксіста штопарам і разбіў шыбу машыны
14.06.2022, 13:23
Скрыншот: Департамент охраны/Youtube
podpis źródła zdjęcia
Нападнік быў затрыманы.
У Менску грамадзянін Расеі замест аплаты праезду ўдарыў кіроўцу «Яндэкс. Таксі» па галаве штопарам і разбіў заднюю шыбу машыны, пасля чаго схаваўся ў пад’ездзе, паведамляе Дэпартамент аховы.
Паводле інфармацыі ведамства, інцыдэнт адбыўся днямі ў чатыры гадзіны раніцы.
Скрыншот: Департамент охраны/Youtube
Паранены кіроўца расказаў, што адвёз пасажыра па ўказаным адрасе. Аднак, пачуўшы выніковы кошт за паездку, мужчына выцяў таксоўцу па галаве, а пасля разбіў заднюю шыбу ў машыне.
Праз непрацяглы час нападнік быў затрыманы. 53-гадовы грамадзянін Расейскай Федэрацыі ад агляду адмовіўся. У сваё апраўданне спаслаўся на тое, што кіроўца хацеў абрабаваць яго.
Пацярпеламу таксоўцу аказалі медычную дапамогу.
Падазраваны затрыманы паводле артыкулу 108 КПК Беларусі («Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства»). Яму можа пагражаць крымінальная адказнасць.