З прычыны санкцыяў расейцы могуць выставіць прэтэнзіі Пуціну.
Расейскі апазіцыйны палітык Дзмітрый Гудкоў у эфіры ранішняй «Студыі «Белсат» раніцаю 18 чэрвеня заявіў, што жыхары РФ могуць выставіць прэтэнзіі Уладзіміру Пуціну за вайну ва Украіне, калі ў выніку санкцыяў істотна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў Расеі.
«Я ўпэўнены, што, калі пачнуць дзеяць санкцыі, калі бліжэй да верасня кошты вырастуць на 50 %, 100 %, а часам на 200 %, калі жыццё рэальна пагоршыцца, вось тады гэтыя людзі ў першую чаргу выставяць прэтэнзіі Пуціну за тое, што іх падманвалі. За тое, што ім распавядалі няпраўду. За тое, што яны развалілі расейскую эканоміку і ў выніку ўзровень жыцця ўпаў», – адзначыў палітык.
Паводле Дзмітрыя Гудкова, нягледзячы на ўсе апытанні, у адрозненне ад сітуацыі з анексіяй Крыму ў 2014 годзе, шчырага падтрымання вайны расейцамі няма. У тым ліку таму, што вайна зацягваецца і загінула шмат людзей – да 100 тысяч асобаў з абодвух бакоў разам з цывільнымі.
,, «Народнага парыву няма», – мяркуе палітык.
Пакуль узровень жыцця расейцаў упаў нязначна, але да восені санкцыі павінны пачаць істотна ўплываць на іхныя жыцці. Таму, лічыць палітык, найбліжэйшым часам «рост пратэставых настрояў будзе ісці ў геаметрычнай прагрэсіі, хутчэй за ўсё, пачынаючы з восені». Якуб Хруст belsat.eu