навіны

«Літара «T» адклеілася – едзем з літарай «V» на капоце». Дзяніс Дудзінскі – пра тое, як яго памяняла вайна

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Дзяніс Дудзінскі зноў едзе ва Украіну

Шоўмэн Дзяніс Дудзінскі, які працуе вайсковым карэспандэнтам «Белсату», напярэдадні чарговай паездкі ва Украіну сустрэўся ў Варшаве з беларускімі журналістамі і распавёў, чаму яго не ўзялі ў тэрытарыяльную абарону, чым адрозніваюцца беларусы ад украінцаў і як кіраваць машынай на дарогах у зоне баявых дзеянняў.
Я спрабаваў запісацца ў тэрытарыяльную абарону ва ўкраінскім пасольстве ў Кішынёве.
– У мяне, праўда, беларускі пашпарт.
– Нічога, будзем разам расейцаў біць. У якіх баявых дзеяннях вы прымалі ўдзел?
– Ні ў якіх.
– Добра. У якіх войсках служылі?
– Ні ў якіх.
– Ага.
– Яшчэ мне 48 гадоў.
– Ну нічога, будзеце бульбу і снарады на машыне вазіць.
– Я не кірую машынай.
– Чаму?
– У мяне зрок «мінус 3,5»,
– Малады чалавек, не тэлефануйце нам больш, калі ласка.
Потым я прыйшоў у Беларускі дом у Варшаве, які набіраў [людзей у полк Каліноўскага], але мяне сустрэлі без асаблівага захаплення. Потым быў кантакт з «Белсатам» – і ўсё закруцілася.
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Калі я сказаў, што паеду, у нас адбыўся дыялог:
Яна: Не.
Я: Так.
Яна: Не-2:
Я: Непераканаўча.
Яна: Ты мяне кідаеш.
Я: Непераканаўча.
Яна: Я паеду з табой.
Я: Не.
Яна: Можа, перадумаеш?
Я: Не.
Яна: Чаму ты паедзеш?
Я: Па качану.
Цяпер ідзе інфармацыйная вайна. Чытаючы рэпартаж журналіста, якога я не ведаю, у мяне ёсць сумневы з нагоды таго, што ён распавядае. Магчыма, ён штосьці падхарошыў, штосьці прыгладзіў, аб чымсьці прамаўчаў. А вось сабе я веру. Таму калі я паеду і сваімі вачыма гэта ўбачу – значыцца, я паверу ў тое, што адбываецца. Адпаведна, мне будзе прасцей і лягчэй данесці інфармацыю тым, хто з нейкіх прычынаў верыць мне. Гэта адзін з першых пунктаў, чаму я вярнуўся ва Украіну. Гэта галоўная падзея ў свеце, і мне хацелася быць у цэнтры. Не ў самым цэнтры, прабачце, але дзесьці побач.
Першае, што зрабіў у Кіеве [наш аператар] Саша [Баразенка] – купіў сінюю фарбу і пафарбаваў нашы каскі і бронекамізэлькі. У зоне баявых дзеянняў трэба абазначыцца і не трэба хадзіць у зялёных вайсковай касцы і бронекамізэльцы. Хаця многія заўважаць, што гэта дапамагае на тэрыторыі, дзе ідзе «справядлівая вайна», дзе людзі ваююць па нейкіх законах, і дзе не абстрэльваюць машыны Чырвонага Крыжу і прэсу. Але расейская армія не выконвае ніякіх кодэксаў, і многія лічаць, што, наадварот, не трэба сябе пазначаць.


,,

Таксама мы абклеілі машыну словамі «Press» і «TV». На адным з блокпастоў нейкія журналісты падышлі да нас і сказалі быць асцярожнейшымі. Аказалася, літара «T» на капоце адклеілася і мы па Украіне едзем з велізарнай літарай «V».


У зоне абстрэлу ў машыне трэба выключыць музыку, адкрыць вокны і пастарацца не размаўляць. У машыне павінна быць цішыня, каб пачуць свіст [снарада]. Лепш не зачыняць дзверы машыны, каб у выпадку выбухой хвалі яе не памяла і можна было выбрацца. Калі ёсць запасная бронекамізэлька – лепш павесіць яе на акно. І ўвесь час уважліва слухаць і круціць галавой: што там ззаду і наверсе.
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі/ Белсат)
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі/ Белсат)
Мы праехалі ад Львова да Харкава, ад Кіева да Адэсы – і вучыліся ў мясцовых. Вучышся вызначаць па гуку міну або ракету, прылёт або улёт удараў («уваходныя» або «выходныя»). Калі гэта абстрэл украінцаў – значыць, трэба чакаць адказ хвілін праз трыццаць: мясцовыя дапіваюць каву, ці пераліваюць у кардонную шкляначку, каб з сабою ўзяць. І павольна сыходзяць – ніхто нікуды не спяшаецца. Або сядзіш размаўляеш з чалавекам і ўвесь час падскокваеш. А ў яго нават голас не дрыжыць. Гэта наша СПА працуе, кажа.
Першы раз мы сутыкнуліся з трупамі ў Бучы. Расейцы расстралялі за домам шэсць ці сем чалавек, і спрабуючы схаваць сляды, падпалілі целы. Выходзіш з-за кута, і бачыш скурчаных людзей. Праходзіць секунда, другая, трэцяя – галава не кружыцца. Пачынаю перад камерай распавядаць пра тое, што тут адбылося, што праходзяць следчыя дзеянні. Саша мне: «Асцярожна, нага». Я пераступаю і працягваю казаць далей. Потым саджуся ў машыну і разумею, што цяпер мне трэба гэта зняць на свой тэлефон, каб гэтыя кадры былі ў маёй асобнай тэчцы. Выходжу і здымаю зноў. Потым мы сядаем і едзем.
Мы паехалі ў Харкаў здымаць эвакуацыю дэльфінаў з мясцовага дэльфінарыя, але спазніліся: іх павезлі а сёмай раніцы. Мы, расчараваныя, пачалі глядзець, што ёсць побач – і бачым падстанцыю «хуткай дапамогі». Вырашаем напрасіцца да іх і правесці дзень з медыкамі. Дыспетчар кажа, што брыгада выехала ў вёску Бязрукі, дзе трое загінулых, і, калі вы паедзеце, я папрашу «хуткую» не спяшацца. Людзей там размазала, лекары іх збіралі па частках, мы дапамагалі занасіць чорныя мяшкі ў машыну. У гэты час прыляцела ў нас. Мы падаем. Падчас паўзы ў абстрэле Саша [Баразенка] ускоквае, паспяваючы ўсё здымаць, і бяжыць у дом. Мікрафон на лекары не выключаны, мы чуем, як ён мацюкаецца і моліцца. Раздаецца выбух, праз некалькі секунд на нас падаюць аскепкі. Мы разумеем, што ўверсе можа быць дрон, які бачыць лекараў і журналістаў, на якіх можна яшчэ што-небудзь накінуць. Мы сядаем у машыну «хуткай» і з’яжджаем. Здаровы мужык-санітар з вялізнымі лапамі сядзіць ўнутры і проста плача. Я яго абняў, ён паклаў мне галаву на плячо: «Бл…, калі гэта скончыцца?». Яны так працуюць кожны дзень. Так рабіць нельга, пасля абстрэлу павінен праходзіць нейкі час – і потым могуць ехаць пажарныя і «хуткая дапамога». Рускія запускаюць міну, туды з’язджаюцца выратавальнікі, суседзі збягаюцца, а па іх пачынаюць агонь з некалькіх мінамётаў. Фельчар кажа, што яны не могуць сабе дазволіць не прыехаць: цяпер хтосьці паранены, а праз 5-10 хвілін можа памерці ад страты крыві. Так, нельга, але і іншага варыянту няма – дзеля гэтага яны і існуюць. Дацкі фатограф, які з намі ў той дзень працаваў, сказаў, што зробіць сабе татуіроўку з дэльфінам: з іх усё пачалося.
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Калі мы прыехалі, ад вайскоўцаў на блокпастах і цывільных мы чулі: «Беларусы? Ну як вы так, а? Ну з вашай тэрыторыі бо…». Потым пачалося: «Беларусы? Так адкуль на Беларусь рыхтавалася напад?» – і так на дзесяці блокпастах запар.
Украінец жыве эмоцыямі, беларус – розумам.
Ва Украіне з замежных журналістаў больш за ўсё палякаў. Падчас аднаго з брыфінгаў Зяленскага для прэсы польскія рэпарцёры падыходзяць да цудоўнага прэс-сакратара украінскага прэзідэнта Сяргея [Нікіфарава] і патрабуюць экслюзіўнага інтэрв’ю польскім тэлеканалам і выданням. Той пытаецца, чаму ён павінен даваць ім інтэрв’ю. Тыя: «Польшча паставіла столькі зброі, прыняла столькі ўцекачоў…». На што прэс-сакратар кажа: «Вось таму вы будзеце апошнімі ў спісе: вы і так зрабілі шмат для нас. Калі вайна скончыцца, Польшча будзе першай, куды Зяленскі паедзе дзякаваць і распавядаць, якія вы класныя. Зараз час прэзідэнта не гумовы, яго лепш выдаткаваць на зносіны з тымі, хто яшчэ вагаецца і не ўсё разумее – Румыніяй, Балгарыяй».
Пытаўся пра гэта ў жонкі: кажа, ніяк. Самы просты адказ: пачынаеш жыць сённяшнім днём, атрымліваць асалоду ад таго, што адбываецца, а не марыць пра пяціпавярховы дом на Новай Баравой. Цэніш важнае, расстаўляеш прыярытэты. Пасядзець з сабакам і выпіць піва становіцца больш каштоўным, чым пайсці ў які-небудзь клуб.
«Белсат» ва Украіне ідзе ў сетках, яго ведаюць. Мы неаднаразова чулі, што гэта «адзіны канал, які можна глядзець і чэрпаць праўдзівую інфармацыю, таму што нашым каналах мы ўжо не верым».
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Дзяніс Дудзінскі (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Я не журналіст. Магу назваць сябе выкладчыкам ангельскай і італьянскай моў, гэта напісана ў мяне ў дыпломе. Магу назваць сябе вядучым мерапрыемстваў, я гэтым займаўся і займаюся. Калі я пайшоў пастраляў у ціры – гэта не значыць, што я вайсковец. Калі я кудысьці прыехаў і пачаў распавядаць людзям, што я бачу, – гэта не журналістыка. Я расказчык, апавядальнік. Называйце мяне вядоўцам «Славянскага базару».
Запісаў Ян Лісіцкі / АА / Белсат

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10