Цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю асуджаны ў жніўні 2020-га баец ММА Ягор Храменя
08.07.2022, 23:18
Ягор Храменя. (Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
podpis źródła zdjęcia
Пакаранне малады бабруец цалкам адбыў у папраўчай калоніі №3 «Віцьба»
Стала вядома, што на волю выйшаў бабруец, баец ММА Ягор Храменя, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Ягор Храменя. (Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
Ягора затрымалі 10 жніўня 2020 году ў цэнтры Бабруйску і абвінавацілі ў тым, што ўвечары 9 жніўня 2020 году маладзён «здзейсніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў у мэтах перашкодзіць яго законнай дзейнасці» (арт.364 КК РБ). Гаворка ідзе пра ўдары ў галаву і распыленне пярцовага балончыка «Шок», якое прывяло да апёку сятчаткі вока.
На судзе Ягор сцвярджаў, што нікога не біў.
«Калі б я нанёс удар, пашкоджанні былі б больш сур’ёзнымі, ударам вуха б наўрад ці абышлося», – казаў хлопец, у актыве якога 10-гадовы стаж заняткаў адзінаборствамі, рэгулярны ўдзел у вулічных баях «Стрэлка», перамога на адкрытым Кубку РБ па ММА.
Суддзя суду Бабруйскага раёну і г.Бабруйску Антон Дудаль пакараў Ягора двума гадамі пазбаўлення волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі маладзёна палітвязнем.
Свой тэрмін бабруец цалкам адбыў у папраўчай калоніі №3 «Віцьба» і 8 ліпеня 2022 году выйшаў на волю.