Актывіста Паўла Вінаградава пасля этапу ў калонію ў Ваўкавыску змясцілі ў ШІЗА
08.07.2022, 21:17
Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Палітвязень прабудзе ў ШІЗА 5 содняў
Блогера і актывіста Паўла Вінаградава па прыбыцці ў ваўкавыскую калонію № 11 амаль адразу адправілі ў ШІЗА тэрмінам на 5 содняў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021. (Фота: Белсат)
За якія парушэнні пакаралі палітвязня – невядома. У штрафным ізалятары вязняў утрымліваюць без пасцельнай бялізны і штодзённага шпацыру.
Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіне. Актывіста абвінавацілі паводле арт. 130 КК РБ («Распальванне варожасці»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») і арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
10 сакавіка 2022 году ў Менскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы. Ужо 16 сакавіка Вінаградаву прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Напрыканцы чэрвеня КДБ унёс блогера ў спіс арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Беларускія праваабаронцы прызналі актывіста палітвязнем.
Падтрымаць Паўла Вінаградава можна па адрасе: ПК №11, 231900, вул. Ракасоўскага, 118, г.Ваўкавыск.