У інтэрв’ю заснавальніку праекту Gulagu.net Уладзіміру Асечкіну экс-агент ФСБ Расеі Аляксандр Лісянкоў, які пакінуў тэрыторыю РФ і звярнуўся па прытулак у Еўропе, заявіў, што забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета – адна з аперацыяў расейскіх спецслужбаў. Лісянкоў заявіў, што ўкраінскім уладам і ўкраінскім спецслужбам Шарамет не перашкаджаў ніяк, і што ва Украіне ў Паўла не было ворагаў нават на бытавым узроўні. Аднак для Масквы і ФСБ ён быў асабістым ворагам, бо даваў праўдзівую інфармацыю і карыстаўся вялікім аўтарытэтам у абодвух краінах. Аляксандр Лісянкоў таксама заявіў, што расейская ФСБ датычная да ўсіх тэрактаў на тэрыторыі Украіны за апошнія восем гадоў. Павел Шарамет быў забіты ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года, калі раніцаю ехаў на працу – спрацавала выбухоўка, якую заклалі ў аўтамабіль. Журналіст, якому на той момант было 45 гадоў, загінуў на месцы. Паліцыя ў Кіеве нібыта затрымала падазраваных, але суд дагэтуль не адбыўся. Алена Рувіна belsat.eu