КДБ: З пачатку года затрымана больш за 10 «завербаваных» сілавікоў і дзяржслужачых
22.02.2023, 18:15
Іван Церцель. (Фота: belta.by)
podpis źródła zdjęcia
Іх падазраюць у супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі.
У Беларусі з пачатку 2023 года затрымалі больш за 10 супрацоўнікаў сілавых структураў і дзяржапарату, паведаміў кіраўнік КДБ Іван Церцель, перадае БелТА. Ён заявіў, што спецслужбы Захаду нібыта рэзка актывізавалі разведку супраць Беларусі.
Іван Церцель. (Фота: belta.by)
«Асноўны акцэнт – вербавальная праца ў дачыненні асобаў, якія маюць магчымасць здабывання інфармацыі закрытага характару, вярбоўка супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і службоўцаў дзяржаўнага апарату», – заявіў кіраўнік ведамства.
Паводле інфармацыі Івана Церцеля, толькі з пачатку года супрацоўнікі КДБ затрымалі больш за 10 сілавікоў і дзяржслужбоўцаў, якіх падазраюць у супрацы з замежнымі спецслужбамі.
Таксама ён заявіў, што нібыта планы «праціўніка» дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, асабліва на фоне падзеяў, якія адбываюцца на поўдні краіны, і іншых лакальных канфліктаў на постсавецкай прасторы, распаўсюджваюцца на перыяд 2024–2025 гадоў.