Анджэліка Борыс распавяла пра ўмовы свайго вызвалення і планы на будучыню
12.04.2023, 14:19
Анджэліка Борыс. (Фота: Rafal Oleksiewicz / Reporter / East News)
podpis źródła zdjęcia
«Беларусь – наша краіна. Я не хачу ўцякаць са сваёй зямлі».
У пачатку красавіка, больш чым праз два гады, з Анджэлікі Борыс, кіраўніцы пераследванага рэжымам Саюзу палякаў у Беларусі, знялі хлуслівыя абвінавачанні. Пасля вызвалення яна распавяла польскаму выданню «Rzeczpospolita» пра свой зняволенне, умовы вызвалення і планы на будучыню.
Анджэліка Борыс. (Фота: Rafal Oleksiewicz / Reporter / East News)
Анджэліка Борыс апісала ўнутраныя змены, якія адбыліся з ёй пасля зняволення. Яна стала больш адчувальная да чужых пакутаў і больш клапоціцца пра іншых людзей:
,,
«Каштоўнасці мяняюцца. Тое, што некалі было важным, робіцца няважным. Я не адчуваю ні эйфарыі, ні радасці. У першую чаргу, я турбуюся за сваіх калегаў, за вызваленне Анджэя Пачобута. Я турбуюся за сваіх сябровак: Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву – каб яны маглі вярнуцца ў свае дамы [пасля вызвалення яны былі вымушаныя пакінуць Беларусь]. Урэшце, яны тут нарадзіліся і, я ўпэўненая, вельмі сумуюць. Я таксама турбуюся аб тым, каб у іншых людзей было нармальнае жыццё».
«Для мяне важнае здароўе маёй сям’і і сяброў. Я рада бачыць сонца і неба. Я шчасліва чуць прыгожыя спевы птушак, на якія раней не звяртала ўвагі. Я радая, што людзі, з якімі я была пад вартай, цяпер у іншым месцы. Матэрыяльныя рэчы адыходзяць на другі план. Чалавечае сяброўства і салідарнасць важнейшыя. Лепш пачуць добрае слова ці адчуць добры жэст, чым атрымаць падарунак», – распавяла яна.
Таксама Борыс падзякавала ўсім, хто яе падтрымоўваў увесь гэты час, але папрасіла не рабіць з яе «героя»:
«Перш за ўсё, я хацела б падзякаваць усім вам. Не думаю, што я зрабіла нешта незвычайнае. Я не адчуваю сябе героем і не хачу, каб са мной абыходзіліся, як з героем. Я была б шчаслівейшай, калі б сёння Анджэй Пачобут апынуўся ў той жа сітуацыі, што і я. Калі б ён быў вольны. Я вельмі турбуюся за яго і іншых калегаў. Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я спрабавала, але часам чалавечы арганізм дае збой, і не ўсё залежыць ад нас.
Вакол занадта шмат пакутаў, супраць якіх мае сённяшнія перажыванні – нішто. Не хачу перабольшваць сваёй ролі, час усё расставіць па сваіх месцах. Дзякуй за дапамогу, якую я атрымала, дзякуй маім родным і блізкім. І з Беларусі, і з Польшчы. Гэта было важна для мяне. Мы павінны трымацца разам, знайсці адзін аднаго тут і цяпер».
Анджэліка Борыс расказала, што адбылося ўвесну 2021 года, калі актывістак польскай меншасці – Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву – адправілі ў Польшчу проста з-пад варты. Тады ёй і Анджэю Пачобуту таксама прапаноўвалі з’ехаць з краіны.
,,
«Так, мне ў свой час паступала такая прапанова, але я адмовілася. Па-першае, я не ведала тады, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела сітуацыі, калі я зʼехала з краіны, а яны засталіся. Я не хацела кідаць сваіх сяброў. Другі раз, калі ў мяне зʼявілася магчымасць выйсці на волю, я пагадзілася, бо не ведала, ці вытрымае маё здароўе ўсё гэта.
Ён [Анджэй Пачобут] наадрэз адмовіўся ісці. Ён сказаў мне трымацца. Я літаральна бачыла яго на імгненне. Гэта было два гады таму».
Таксама Борыс пацвердзіла, што ейная маці прасіла Аляксандра Лукашэнку вызваліць яе.
,,
«Так, мама звярнулася з лістом. Я тады таксама вагалася. Гэта быў адзіны раз, калі ў мяне была магчымасць убачыць Анджэя пад вартай. Я сказала яму, што маё здароўе больш не вытрымае», – успамінае яна.
На пытанне, ці плануе яна з’ехаць у Польшчу, Борыс адказала, што не думае пра гэта цяпер: «Я настаўніца польскай мовы, і для мяне важна мець магчымасць выкладаць польскую мову ў Беларусі. Сітуацыя можа скласціся і па-іншаму, час пакажа».
Таксама Борыс расказала, што была ў Беластоку ў ліпені мінулага года, дзе сустракалася з сябрамі. Калегі сталі ўгаворваць яе застацца ў Польшчы, але яна пастанавіла вярнуцца ў Беларусь. «Мне стала не па сабе ад гэтага, і я вырашыла, што мушу вярнуцца. І што будзе, тое будзе. Беларусь – наша краіна, Польшча – наша другая радзіма. Я не хачу ўцякаць са сваёй зямлі».
Нагадаем, Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Тады разам з імі былі арыштаваныя Ірына Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з Саюзу палякаў, а таксама Ганна Панішава, актывістка польскай меншасці з Берасця. Траім апошнім удалося пакінуць Беларусь у 2021 годзе дзякуючы намаганням польскіх уладаў. Аднак у іх няма магчымасці вярнуцца ў краіну свайго грамадзянства, Беларусь.