Андрэй Вардамацкі: У Беларусі спыніўся рост прарасейскай арыентацыі
14.07.2023, 11:55
Андрэй Вардамацкі (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Вычарпанне прапаганды».
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прэзентаваў 13 ліпеня вынікі новых даследаванняў грамадскай думкі ў Беларусі, якія праводзіліся ў сакавіку – чэрвені 2023 года. Даследнік прыходзіць да высноваў аб вычарпанні прапаганды: у Беларусі спыніўся рост прарасейскай арыентацыі, нават пакрысе пайшоў уніз.
Андрэй Вардамацкі (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
Паводле вынікаў даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні, з сакавіка 2020 года назіраўся рост прарасейскай арыентацыі. Як заўважае Андрэй Вардамацкі, працэс тады пайшоў зусім не так, як прагназавалі беларускія і замежныя эксперты, якія чакалі зніжэння або нават абвалу ў стаўленні да Расеі.
Сацыёлаг тлумачыць рост «прарасейскасці» медыясітуацыяй у Беларусі, калі недзяржаўныя СМІ проста згубілі магчымасць даносіць да людзей інфармацыю і свае інтэрпрэтацыі. Аднак з верасня 2022 года працэс росту прарасейскай арыентацыі спыніўся. Травень і чэрвень 2023 года – чарговыя пункты яе падзення.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
«І паколькі мы маем тры такія кропкі, то з вялікай доляй імавернасці можам казаць, што гэта ўжо нейкі трэнд. Адбылося насычэнне грамадскай геапалітычнай думкі, насычэнне ўзроўнем, які быў. У гэтым сэнсе я і кажу пра «вычарпанне прапаганды», медыйнага ўплыву на грамадскую думку», – патлумачыў падчас прэзентацыі даследавання Андрэй Вардамацкі.
Атрыманыя вынікі сацыёлаг назваў прадказальнымі і непрадказальнымі адначасова. І заўважыў, што гэтая базавая выснова мае светапоглядны характар.
Андрэй Вардамацкі заўважае, што калі беларусам прапаноўваюць не такі жорсткі выбар і яны могуць выбіраць опцыю «па-за ўсякімі саюзамі», то яе выбірае амаль кожны пяты беларус.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
Нарэшце, калі беларусам даюць мультывыбар і пытаюцца, які варыянт беларуска-расейскіх стасункаў найбольш падабаецца, то 67 % з апытаных выбіраюць опцыю «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі – з адкрытымі межамі, без візаў і мытняў».
Але самая важная, падкрэслівае Вардамацкі, пазіцыя «Беларусь мусіць увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі ў якасці субʼекту», якую выбралі 4,4 % беларусаў.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
«Гэтую лічбу мы назіралі на вельмі працяглым, каля 20 гадоў, перыядзе вымярэнняў. Былі некаторыя павелічэнні, але гэты паказнік вярнуўся на свае канстантныя даўгачасныя дынамічныя пазіцыі», – тлумачыць сацыёлаг.
Такім чынам, формула беларускай грамадскай геапалітычнай думкі ў дачыненні Расеі: кааперацыя і супраца – без юрыдычнага ўваходжання ці ўступлення ў склад РФ.
,,
«І гэта нармальная такая пазіцыя, якая існуе ў вялікай колькасці іншых народаў», – ацэньвае Андрэй Вардамацкі.
У другім блоку даследавання, датычнага стаўлення да вайны ва Украіне, сацыёлаг паўтарае сваю тэзу пра «кансалідацыю без сцягу».
На пытанне аб стаўленні да таго, што беларускія войскі ўвойдуць ва Украіну для ажыццяўлення ваенных дзеянняў, 80,2 % беларусаў адказалі ў чэрвені, што ацэньваюць гэта негатыўна (у сакавіку – 85 %).
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
«Нягледзячы на некаторае зніжэнне, гэта і ёсць кансалідацыя, рэальная кансалідацыя. Я не ведаю прыкладаў у найноўшай гісторыі Беларусі, калі б такі абʼём, такі адсотак выказваў кансалідаваную думку ў дачыненні чаго-кольвек. У гэтым сутнасць беларускай грамадскай думкі што да вайны ва Украіне», – сцвердзіў Андрэй Вардамацкі.
Але даследнік заўважае, што не ўсё так проста. На пытанне пра стаўленне да выкарыстання тэрыторыяў і вайсковай структуры Беларусі для ваенных дзеянняў Расеі супраць Украіны, толькі 50,2 % адказваюць катэгарычным «не» (у сакавіку – 61,8 %).
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
Пытанне «Як вы ставіцеся да факту, што ўлады дазволілі размясціць расейскія войскі ў Беларусі», наагул, выклікала, як кажа Вардамацкі, «раскол грамадскай думкі»: пазітыўныя і негатыўныя пазіцыі сутыкнуліся паміж сабой на ўзроўні 40 %.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
«Гэта прыклад пранікання расейскага наратыву», – так ацэньвае гэтыя вынікі Андрэй Вардамацкі.
Сацыёлаг таксама адзначае, што ў пытанні стаўлення да размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі не назіраецца такой кансалідацыі, як у пытанні ўвядзення беларускіх войскаў ва Украіну. Адмоўнае стаўленне да размяшчэння ядравай зброі выказалі крыху больш за палову рэспандэнтаў – 52,3 % (пазітыўнае стаўленне – 35,1 %).
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. (Фота: Жора Ройтбард / Белсат)
«Гэта можна патлумачыць тымі акалічнасцямі, што людзі не ўспрымаюць гэта як рэальна сурʼёзнае, не ўспрымаюць гэта ў якасці рэальнасці», – гэтак трактуе атрыманыя вынікі Вардамацкі.
Прэзентаваныя сацыялагічныя даследаванні праводзіліся шляхам тэлефоннага апытання. Выбарка – тысяча чалавек. Памылка выбаркі – 3,2 %.
У межах прэзентацыі свае даследаванні прэзентавалі таксама Алег Алампіеў і Марына Гуляева. Прэзентацыя адбылася ў стартап-хабе «Імагуру» ў Варшаве.