Прысуд грамадзяніну Польшчы Робэрту Тампалу: 3 гады калоніі за «знявагу Лукашэнкі»
14.07.2023, 19:33
Робэрт Тампала. (Фота: Robert Tąpała / linkedin.com)
podpis źródła zdjęcia
Высветленыя дэталі абвінавачання.
У Беларусі на 3 гады пазбаўлення волі асудзілі грамадзяніна Польшчы Робэрта Тампалу. Ягонае прозвішча з’явілася ў абноўленым «спісе экстрэмістаў», затым «Белсат» высветліў хто гэта, а праваабаронцы даведаліся дэталі прысуду.
Робэрт Тампала. (Фота: Robert Tąpała / linkedin.com)
14 ліпеня з абнаўлення «спісу экстрэмістаў» стала вядома, што ў Беларусі асуджаны і адбывае пакаранне «за знявагу Лукашэнкі» грамадзянін Польшчы Робэрт Тампала. Паводле звестак «Белсату», імаверна, гэта менеджар у агульных пытаннях у ТАА «АрыёнСвіт» (Беларусь). Праваабаронцы высветлілі дэталі прысуду.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 54-гадоваму грамадзяніну Польшчы Робэрту Тампалу інкрымінавалі ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі») і арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»). Ягоную справу ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч. Суд прызначыў Тампалу пакаранне – 3 гады калоніі, яго ўжо этапавалі ў наваполацкую калонію.
Журналісты «Белсату» знайшлі на «Linkedin» профіль мужчыны з імем Робэрт Тампала (Robert Tąpała), у якім пазначана, што ён працуе менеджарам у агульных пытаннях у ТАА «АрыёнСвіт» (Беларусь). Гэтае таварыства з абмежаванай адказнасцю, паводле інфармацыі на яго сайце, займаецца вытворчасцю кандытарскіх вырабаў. Праўда, у раздзеле «Каманда» на сайце прадпрыемства звестак пра Робэрта Тампалу не ўтрымліваецца.
Па звестках «BELPOL», у Робэрта ёсць жонка – грамадзянка Беларусі і дзіця, якое нарадзілася ў Беларусі.
14 ліпеня так званы спіс экстрэмістаў папоўніўся 32 прозвішчамі, і цяпер у ім 3048 чалавек. У спіс, у прыватнасці, дадалі палітыкаў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і Андрэя Дзмітрыева. Таксама туды ўключылі Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз (кіраўніца штабу Ціханоўскай у 2020-м) і Сяргея Франчука, стрыечнага брата прадстаўніка палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.