У Беларусі пабудуюць «інавацыйнае» бульбасховішча коштам касмічнай праграмы
28.12.2023, 11:06
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
podpis źródła zdjęcia
Яшчэ трохі грошай адбяруць у сацыёлагаў.
Савет Міністраў пастанавіў дадаткова прафінансаваць будаўніцтва «інавацыйнага» бульбасховішча за грошы, выдзеленыя на праграму для стварэння нацыянальнай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі. У праграмы забяруць больш за 2 млн рублёў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
Выдаткі на «пілотны інавацыйны» праект «Будаўніцтва бульбасховішча на 20 тысяч тонаў. 1-ы пускавы комплекс» на Талачынскім кансервавым заводзе павялічаныя на 2 258 112 рублёў у 2023 годзе.
Для гэтага на 2 088 567 рублёў скарочанае фінансаванне стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Яшчэ 121 600 рублёў пойдзе з артыкулу «Выкананне работаў для арганізацыі вытворчасці прадукцыі (тавараў, работаў, паслуг) навуковымі арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». І 47 945 рублёў забяруць у сацыёлагаў НАН з грошай, прызначаных на правядзенне маніторынгавых і аператыўных сацыялагічных даследаванняў, сацыялагічных апытанняў.
Гэта прадугледжвае пастанова Саўміну № 935 ад 26 снежня, якая набыла моц.
Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі запушчаны ў 2012 годзе. Тэрмін яго службы – 5 гадоў. Аднак у студзені 2022 года кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў заявіў, што тэрмін эксплуатацыі апарата падоўжаны да 2025 года ўключна.