З гарадзенскага ўніверсітэту напярэдадні Новага году звольнілі выкладчыцу Святлану Марозаву
01.01.2024, 21:32
Святлана Марозава. (Фота: Сяргей Марозаў / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Прычыны звальнення не ўдакладняюцца.
Доктарка гістарычных навук і прафесарка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплінаў Святлана Марозава больш не працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, паведамляе выданне Hrodna.life.
Святлана Марозава. (Фота: Сяргей Марозаў / Facebook)
Пра сыход Святланы Марозавай з пасады выкладчыцы напрыканцы снежня напісаў у Facebook сын гарадзенкі Сяргей Марозаў – былы дацэнт кафедры журналістыкі ГарДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук. Прычыны звальнення – сканчэнне кантракту ці іншая нагода – не ўдакладняюцца.
,,
«Тры гады таму ва ўніверсітэцкай газеце быў артыкул: «Тут гадуюцца дынастыі: 80 год Купалаўскаму ўніверсітэту і 80 год, аддадзеных на яго карысць сям’ёй Марозавых». Яшчэ мой дзед распачаў гэтую дынастыю – быў дэканам філфаку. Ад сёння ва ўніверсітэце не засталося Марозавых. 18 год мой шлях быў поруч з універсітэтам, 20 – у дзеда, і 51 – у маці… Абставіны часам мацнейшыя за нас», – напісаў Сяргей Марозаў.
У каментарах калегі і выпускнікі адзначаюць, што ўніверсітэт страціў нямала спецыялістаў, і жадаюць Святлане перажыць адсутнасць працы.
Святлане Марозавай 69 гадоў. Яна – сябра Асацыяцыі беларускіх гісторыкаў, Беларускага гістарычнага таварыства, Таварыства беларускай мовы, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Санкт-Пецярбургскага таварыства гісторыі ідэй. Выкладала ва ўніверсітэце курсы: «Гісторыя Беларусі», «Крыніцазнаўства», «Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі», «Гісторыя культуры Беларусі», «Этнагенэз беларусаў», «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу (канец Х – пачатак ХХ ст.), «Архівы Вялікага Княства Літоўскага». У 2010 годзе яе ўзнагародзілі медалём «За заслугі перад універсітэтам».