навіны

У навагоднюю ноч Расея выпусціла па Украіне 90 «Шагэдаў». У Адэсе загінуў падлетак

Наступствы дронавай атакі ў навагоднюю ноч у Львове. (Фота: УНІАН)
Наступствы дронавай атакі ў навагоднюю ноч у Львове. (Фота: УНІАН)
podpis źródła zdjęcia

Удар быў самай масавай атакай дронамі-камікадзэ Расеі супраць Украіны.

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня Расея запусціла ў бок Украіны рэкордную колькасць дронаў «Shahed» – 90 штук. Украінская СПА збіла 87 з іх.
Наступствы дронавай атакі ў навагоднюю ноч у Львове. (Фота: УНІАН)
Наступствы дронавай атакі ў навагоднюю ноч у Львове. (Фота: УНІАН)


,,

«Цягам 11 гадзінаў працягвалася магутная масаваная дронавая атака. Стартавалі дроны-камікадзэ ўвечары, а баявая праца скончылася каля 4-й гадзіны раніцы, – гаворыцца ў паведамленні Сілаў абароны поўдня Украіны. – У навагоднюю ноч СПА на поўдні збіла 51 БПЛА тыпу «Shahed-131/136»: 28 – у Адэскай вобласці, 14 – у Мікалаеўскай, 5 – у Вінніцкай вобласці, 2 – у Днепрапятроўскай, па 1 – у Херсонскай і Кіраваградскай».


У Адэскай вобласці ўдары прыйшліся на прыпартавы тэрмінал і жылыя дамы. Абломкі дронаў пашкодзілі як мінімум тры шматкватэрныя дамы.
Кіраўнік Адэскай АВА Алег Кіпэр паведаміў, што ў выніку атакі загінуў 15-гадовы падлетак. Сямёра чалавек параненыя, трое з іх шпіталізаваныя.
У Мікалаеўскай вобласці ўдары прыйшліся ў аб’ект інфраструктуры, пачаўся пажар, аднак яго ўдалося патушыць.
У Вінніцкай вобласці абломкі дронаў пашкодзілі гараж і вокны дамоў. У Львове былі пашкоджаныя музей Рамана Шухевіча і ўніверсітэт у Дублянах. Паводле мэра Львова Андрэя Садавога, музей цалкам згарэў.
Удзень 1 студзеня паветраныя сілы Украіны зноў паведамілі пра рух некалькіх групаў «Шагэдаў» з паўночнага кірунку праз Сумскую вобласць на Палтаўскую. Паветраная трывога была абвешчаная ў пяці паўднёвых і цэнтральных вобласцях.
Напад БПЛА ў навагоднюю ноч быў самай масавай дронавай атакай Расеі супраць Украіны – папярэдняя самая буйная атака была зафіксаваная 25 лістапада 2023 года, тады Расея запусціла 75 дронаў.
У выніку атакі, здзейсненай расейскімі войскамі па тэрыторыі Украіны напярэдадні, 29 снежня, загінула больш за 30 чалавек, больш за 160 – параненыя. 1 студзеня МУС Украіны паведаміў, што колькасць загінулых у Кіеве ў выніку атакі 29 снежня вырасла да 28 чалавек.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10