Выбухі прагрымелі ў Іране падчас цырымоніі каля мячэці: больш за сотню загінулых
03.01.2024, 20:33
Тэракт у Іране. (Фота: @TasnimNews)
podpis źródła zdjęcia
Загінулі мінімум 103 чалавекі і амаль 200 параненыя.
У выніку двух выбухаў, якія прагрымелі побач з некропалем гораду Керман, на поўдні Ірану, загінулі мінімум 103 чалавекі і амаль 200 параненыя. Улады краіны кваліфікавалі гэта як тэракт, перадаюць мясцовыя СМІ.
Тэракт у Іране. (Фота: @TasnimNews)
Выбухі адбыліся падчас мемарыяльнай цырымоніі, прымеркаванай да чацвёртай гадавіны забойства Касема Сулеймані – генерал-лейтэнанта, камандуючага спецпадраздзяленнем «Аль-Кудс» і аднаго з самых уплывовых людзей на Блізкім Усходзе.
Закладзеная каля могілак Гользар-э Шахада выбухоўка была актываваная, калі натоўп з некалькіх сотняў чалавек праходзіў побач мячэці Сахеб аль-Заман.
Могілкі, дзе пахаваны Сулеймані, забіты ў 2020 годзе ў выніку ўдару амерыканскага беспілотніка, сталі цэнтрам паломніцтва прыхільнікаў так званай восі супраціву Ірану супраць ЗША і Захаду.
Сулеймані гуляў ключавую ролю ва ўзмацненні ўплыву Ірану на Блізкім Усходзе, падтрымліваючы іранскія інтарэсы ў Сірыі, Іраку, Ліване, Емене і іншых краінах.
Сулеймані таксама лічыўся адным з самых блізкіх паплечнікаў вярхоўнага лідара Ірану Алі Хаменеі.
У 2007 годзе ён быў уключаны ААН у санкцыйны спіс іранскіх вайскоўцаў і палітычных дзеячаў, якім забаронены выезд з краіны.