У Растове-на-Доне замест аддзялення пасольства Беларусі з’явіцца Генеральнае консульства
04.01.2024, 14:18
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: embassybel / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Гэтая консульская акруга будзе ўлучаць акупаваныя рэгіёны Украіны.
Урад Беларусі пастанавіў адкрыць у Растове-на-Доне Генеральнае консульства нашай краіны замест аддзялення пасольства. Гэтая консульская акруга будзе ўлучаць акупаваныя рэгіёны Украіны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: embassybel / Telegram)
Генконсульства Беларусі адкрыецца ў Растове сёлета не пазней за 1 ліпеня, пазначана ў пастанове Савету міністраў, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Консульства з’явіцца на месцы аддзялення беларускага пасольства, якое ў тыя ж тэрміны закрыюць.
Летась у лістападзе прэм’ер-міністр Расеі падпісаў распараджэнне аб адкрыцці ў Растове-на-Доне Генеральнага консульства «Республики Белоруссия» з консульскай акругаю, што ўлучае тэрыторыі Растоўскай і Валгаградскай вобласцяў Расеі, а таксама акупаваныя рэгіёны Украіны: Крым, Запарожжа, Херсонскую вобласць і гэтак званыя ДНР і ЛНР. Цяпер гэтыя тэрыторыі ўлучаныя ў консульскую акругу пасольства Беларусі ў Маскве.
Агулам у Расеі адкрытыя 9 аддзяленняў беларускага пасольства: у Казані, Калінінградзе, Краснаярску (праца прыпыненая), Новасібірску, Смаленску, Уфе, Екацярынбургу, Ніжнім Ноўгарадзе і Уладзівастоку. У Санкт-Пецярбургу працуе Генеральнае консульства.
Расея мае ў Беларусі пасольства ў Менску, а таксама генконсульствы ў Берасці і Горадні.