навіны

Беларусь адклікала свайго амбасадара са Стакгольму, Швецыя – часовую павераную з Менску

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Імаверна, гэта наступствы пастановы ўраду Швецыі прызначыць спецпрадстаўніцу аб Беларусі.

Імаверна, дыпламатычны крызіс стаўся наступствам пастановы ўраду Швецыі прызначыць адмысловую прадстаўніцу ў сувязях з дэмакратычнаю Беларуссю. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».
Паводле інфармацыі радыё «Свабода», Беларусь адклікала для кансультацыяў свайго амбасадара ў Стакгольме Дзмітрыя Мірончыка, а Швецыя адклікала часовую павераную, кіраўніцу дыпламатычнай місіі ў Менску Эву Сундквіст.


,,

«Цяпер у Стакгольме для кансультацыяў – часовы павераны ў справах Швецыі ў Менску. Праца ў амбасадзе Швецыі ў Менску працягваецца ў звычайным рэжыме. Цяпер у Менску для кансультацыяў – амбасадар Беларусі ў Стакгольме», – цытуе «Свабода» прэс-службу МЗС Швецыі.


Кіраўнік МЗС Швецыі Табіяс Більстрэм на сустрэчы з абранаю прэзідэнткаю Беларусі Святланаю Ціханоўскаю 6 лістапада паведаміў аб прызначэнні адмысловай прадстаўніцы ў сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Спецпрадстаўніцаю прызначылі Крыстыну Юганнэсан, былую амбасадарку Швецыі ў Менску. Яна працавала ў Беларусі з 2017 да 2022 года.
Акрамя таго, кіраўнік МЗС Швецыі ў лістападзе заявіў у інтэрв’ю радыё «Свабода», што лічыць Ціханоўскую чалавекам, «які перамог на выбарах і які мае права зрабіцца інаўгураваным прэзідэнтам Беларусі».
Паводле інфармацыі «Свабоды» з дыпламатычных крыніцаў у Менску, гэта выклікала незадавальненне ўладаў Беларусі, якія адклікалі свайго амбасадара з Стакгольму і запатрабавалі, каб у сталіцу Швецыі для кансультацыяў паехаў кіраўнік дыпламатычнай місіі гэтай краіны ў Менску.
Пры гэтым публічна пра адкліканне свайго амбасадара для кансультацыяў афіцыйны Менск не заяўляў.
Таксама невядома, калі Эва Сундквіст пакінула Беларусь. Паводле «Белсату», яшчэ ў сярэдзіне снежня яна была ў Менску і брала ўдзел у імпрэзах шведскай амбасады.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10