Літва пазбавіла віду на жыхарства дырэктара санаторыю «Беларусь»
05.01.2024, 00:59
Ілля Епіфанаў. (Фота: grodnonews.by)
podpis źródła zdjęcia
Ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Улады Літвы анулявалі від на жыхарства дырэктара санаторыя «Беларусь», што ў літоўскіх Друскеніках, Іллі Епіфанава. Яго прызналі пагрозай нацыянальнай бяспекі, паведамляе 15min.lt.
Ілля Епіфанаў. (Фота: grodnonews.by)
Ілля Епіфанаў перад Раством 25 снежня вяртаўся ў Літву, але не змог уехаць у краіну, бо яго пазбавілі ВНЖ. У дэпартаменце міграцыі пры літоўскім МУС заявілі, што від на жыхарства быў ануляваны праз тое, што ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Рахункі санаторыю «Беларусь» у літоўскім горадзе Друскенікі былі арыштаваныя ў снежні 2020 года праз санкцыі, якія Еўразвяз увёў супраць беларускага Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Але ўлетку рахункі санаторыя разблакавалі, бо яго перадалі ў падпарадкаванне Рэспубліканскаму цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва. Санаторый зноў змог прымаць гасцей, але толькі грамадзянаў Еўразвязу. Адзінае выключэнне з Беларусі складалі беларускія дзеці-інваліды і іх бацькі.
У верасні 2023 года санаторый прайграў суд у справе аб вяртанні сродкаў санаторыя «Беларусь», якія былі замарожаныя ў сувязі з увядзеннем санкцый.
Тым часам у Беларусі завялі крымінальную справу за «здраду дзяржаве» супраць былога галоўнага лекара санаторыя Андрэя Кобеля. Яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозай шантажу і патрабавалі збіраць і перадаваць інфармацыю аб адпачывальніках санаторыя, а таксама звесткі аб рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Суд над ім пачаўся 16 жніўня 2023 года.