навіны

Затрыманні чыноўніка і на факультэце Лукашэнкі-малодшага. Навіны рэпрэсіяў за 4 студзеня

Баец ГУБАЗіКу. Скрыншот з відэа pressmvd / Telegram
Баец ГУБАЗіКу. Скрыншот з відэа pressmvd / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Ужо тры з паловай гады беларусаў няспынна рэпрэсуюць.

«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у Беларусі. Ужо тры з паловай гады беларусаў няспынна рэпрэсуюць за пратэст супраць фальсіфікацыяў, гвалту і вайны.
Баец ГУБАЗіКу. Скрыншот з відэа pressmvd / Telegram
Баец ГУБАЗіКу. Скрыншот з відэа pressmvd / Telegram
«Нашай Ніве» стала вядома пра затрыманні на біяфаку БДУ, дзе афіцыйна вучыцца Мікалай Лукашэнка. Некалькі тыдняў таму на кафедры батанікі проста падчас працоўнага дня затрымалі дзвюх лабарантак. На руках у адной з іх пабачылі бел-чырвона-белы манікюр, другая ж мела на працоўным стале цацку з БЧБ-крыламі і ўкраінскі сцяг. Выглядае, што нехта данёс на жанчын і іх затрыманне невыпадковае. Адна з лабарантак адбыла тэрмін у 15 сутак і выйшла на волю. Што з другой жанчынай, пакуль невядома.
Начальнік аддзелу спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму Яўген Ахрэменка быў затрыманы і асуджаны за «экстрэмісцкія» падпіскі ў сацыяльных сетках. Затрыманне адбылося перад Новым годам. Чыноўнік атрымаў 15 содняў паводле адміністратыўнага артыкулу. У аддзеле спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму паведамілі, што Ахрэменка там больш не працуе, «яго няма і не будзе».
ГУБАЗіК затрымаў грамадзянку Украіны – 54-гадовую Аксану Вальвачову. Жанчыну прымусілі прызнацца ў напісанні абразлівых каментароў пра прадстаўнікоў улады і ў падтрыманні Украіны, а таксама ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.
Справу палітзняволенага праграміста з Берасця Леаніда Райчонка, асуджанага за данаты беларускім добраахвотнікам, разгледзелі ў Вярхоўным Судзе. У кастрычніку Леаніда асудзілі да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Але прысуд суда першай інстанцыі пакінуты без зменаў, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення.
У Горадні затрымалі аператара «Гранітэкса» Максіма Коршака. Яго змусілі прызнацца ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Прыбіральшчыцу Наталлю Бауліну асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў 3700 рублёў за каментар пра намесніка генпракурора Беларусі Сяргея Хмарука. Прысуд вынесла 5 снежня 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Менску суддзя Марына Клімчук. З 30 верасня жанчыну ўтрымлівалі пад вартай.
18 снежня 2023 году суд Фрунзенскага раёну Менску агучыў прысуд кладаўшчыку Паўлу Кастрыкіну. Яго асудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у адным з Маршаў у 2020 годзе. Да прысуду ён знаходзіўся пад вартай. Прысуд агучыла суддзя Ала Скуратовіч.
Палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага на 16 гадоў і 9 месяцаў, у канцы 2023 года перавялі ў ВК-11 у Ваўкавыску ў рамках расфармавання калоніі №5 у Івацэвічах.
Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10