Украінская паліцыя расследуе больш за 110 тысяч крымінальных справаў супраць расейскіх вайскоўцаў
07.01.2024, 17:31
Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: iamir.info
podpis źródła zdjęcia
З іх большасць – за парушэнні законаў і звычаяў вайны.
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіне былі заведзеныя 111 081 крымінальная справа па фактах здзяйснення на тэрыторыі Украіны злачынстваў вайскоўцамі ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Такія дадзеныя прадставіла Нацыянальная паліцыя Украіны.
Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: iamir.info
Найбольш справаў – 96 540 – заведзена за парушэнні законаў і звычаяў вайны (арт.438 Крымінальнага кодэксу Украіны).
9 255 – за замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны (арт.110 КК Украіны).
За дзяржаўную здраду (арт.111 КК Украіны) распачата 243 крымінальныя працэсы.
Акрамя таго, расследуюцца 76 справаў па фактах здзяйснення вайскоўцамі РФ сексуальных злачынстваў.
Нацыянальная паліцыя Украіны распавяла таксама пра злачынствы расейскай арміі супраць украінскіх дзяцей. Так, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінулі 520 дзяцей. 1185 былі параненыя, 2266 – зніклі без вестак. 19 546 украінскіх дзяцей былі дэпартаваныя ў Расею, з іх атрымалася вярнуць 387 чалавек.
На тэрыторыях дэакупаваных раёнаў украінская паліцыя выявіла 88 месцаў несвабоды ды катаванняў – у іх расейскія вайскоўцы незаконна ўтрымлівалі і катавалі ўкраінскіх грамадзянаў. Найбольш такіх месцаў – 28 – знайшлі ў Харкаўскай вобласці. У Запарожскай – 26, у Херсонскай – 18. Па 5 – у Данецкай і Кіеўскай вобласцях, 3 – у Чарнігаўскай, і па 2 – у Сумскай і Мікалаеўскай вобласцях.