навіны

«Ялей на сэрца азвяронкаў». У Менску праз ціск сілавікоў закрываецца буйная школа польскай мовы

Падручнік школы польскай мовы «PanProfesor». (Фота: PanProfesor / Facebook)
Падручнік школы польскай мовы «PanProfesor». (Фота: PanProfesor / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

Яна прапрацавала амаль 9 гадоў.

Школа польскай мовы «PanProfesor» абвесціла пра закрыццё пасля дзевяці гадоў працы. На сваёй Facebook-старонцы ўстанова паведаміла, што вымушаная зрабіць гэта праз ціск сілавікоў.
Падручнік школы польскай мовы «PanProfesor». (Фота: PanProfesor / Facebook)
Падручнік школы польскай мовы «PanProfesor». (Фота: PanProfesor / Facebook)
Два тыдні таму сілавікі прыйшлі да аднаго з працаўнікоў курсаў, а ў самой школе ўчынілі ператрус.
«Гэтыя «таварышы» амаль з парога пачалі заяўляць, што ў нашай кампаніі мноства парушэнняў, нібыта мы вінныя ўсім грошы (што ёсць абсалютнай няпраўдай), а таксама – што паступіла нейкая ананімная заява (са зместам якой, натуральна, ніхто нікому не даў азнаёміцца)», – паведамляецца ў акаўнце «PanProfesor» у Facebook.
Пачытаўшы статут і іншыя дакументы школы, візіцёры заявілі: «Ды вас толькі за гэта ўсіх можна пасадзіць надоўга». У выніку кіраўніцтву курсаў «было настойліва прапанавана неадкладна спыніць рэкламу, закрыць офіс ды спыніць заняткі і самастойна зліквідаваць кампанію».


,,

«З прычыны таго, што ў нас няма ніякіх рэсурсаў і магчымасцяў хоць бы нейкім чынам супраціўляцца гэтаму, а таксама «часам не да законаў», намі была прынятая пастанова, хай балючая, але адзіна магчымая ў гэтай сітуацыі: закрыць беларускую кампанію».


Цяпер кампанія, якая яшчэ не прыступіла да юрыдычнай ліквідацыі, пачынае імкліва абрастаць абавязкамі. «Экстранны продаж часткі мэблі і абсталявання не прынёс нічога, акрамя засмучэння. Працаўнікі звольненыя, і ім неяк трэба працягваць жыццё ў гэтым дзівосным новым свеце», – адзначаецца ў паведамленні.
Школа пастанавіла завяршыць курс онлайн-заняткаў для групаў, што не давучыліся.
«За завяршэнне навучання адказвае нашая партнёрская кампанія «PANPROFESSOR» (Польшча), таму спяшаемся супакоіць зацікаўленых: ніякага выцеку звестак у гэтай сувязі не будзе, а абавязанні ў навучанні будуць выкананыя ў адпаведнасці з дамоваю», – сказалі ва ўстанове.
За час працы школа зладзіла мноства канцэртаў і велікодныя святы (разам з амбасадаю Польшчы і Саюзам палякаў у Беларусі), брала ўдзел у Днях польскай культуры ў Менску, а таксама дапамагала падчас міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».


,,

«Для прадстаўнікоў спецслужбаў і іншых азвяронкаў навіна можа быць ялеем на сэрцы, для нас жа – завяршэннем амаль 9-гадовай працы ў Беларусі пад брэндам «PanProfesor», хоць многія з нашых выкладчыкаў маюць 10-, 15- і нават 20-гадовы стаж выкладання польскай мовы», – падсумавалі ў школе.


21 снежня з’явіліся паведамленні пра ператрус і затрыманні ў іншай школе, дзе навучалі польскай мове, – «Polskipro».
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10