Суд над «BYPOL» пачнуць 22 студзеня. Азарава могуць нават завочна расстраляць
08.01.2024, 13:16
Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL (Фота: Аліса Ганчар)
podpis źródła zdjęcia
Пераслед колішніх сілавікоў Азараў назваў спробаю запужаць.
Завочную справу ў дачыненні дзейных і былых работнікаў «BYPOL» пачнуць разглядаць у Менску 22 студзеня. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода». Пасяджэнне адбудзецца ў Менскім гарадскім судзе.
Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL (Фота: Аліса Ганчар)
Спецыяльнае вядзенне ў справе пачалі 8 верасня 2023 года. Судзіць збіраюцца цяперашніх і былых удзельнікаў ініцыятывы: Аляксандра Азарава, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Алега Талерчыка. Іх вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці, змове з мэтаю захапіць або ўтрымаць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Лідару «BYPOL» Азараву можа пагражаць смяротнае пакаранне.
Паводле Следчага камітэту, які называе «BYPOL» тэрарыстычнай арганізацыяй, ёй, а таксама падраздзяленням «Сiтуацыйна-аналiтычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план «Перамога» інкрымінуюць 12 злачынных дзеянняў. У спісе абвінавачанняў – здрада дзяржаве, арганізацыя акту тэрарызму, стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, арганізацыя наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў, незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках, паклёп на Аляксандра Лукашэнку, знявага прадстаўнікоў улады і Лукашэнкі ды іншыя.
Азараў, каментуючы ў эфіры «Белсату» гэтую гісторыю, заявіў, што «ніякіх злачынстваў не здзяйсняў»:
,,
«Гэта ацэнка маёй працы. Пабачым, які вырак яны вынесуць. Я не баюся. Ніякіх злачынстваў я не здзяйсняў, віны сваёй не прызнаю. Ніякіх позваў мне яны не дасылалі, і я нават не ведаю, каго яны дапытвалі. Ніхто не выходзіў ні на мяне, ні на маіх сваякоў».
Пераслед колішніх сілавікоў, якія аб’ядналіся ў «BYPOL» (пасля расколу шмат хто далучыўся да «BELPOL»), Азараў назваў спробаю запужаць.