З такім календаром вы кожны дзень будзеце ўзгадваць нешта цікавае з гісторыі Беларусі.
ByProsvet запусціў электронную версію свайго гістарычнага календара «Кожны дзень». Штодзённы каляндар з гістарычнымі падзеямі Беларусі на беларускай мове можна проста дадаць у свой гугл-каляндар ці ў любую іншую каляндар-прыладу.
Каляндар, які дададзены ў гугл-каляндар, будзе аўтаматычна абнаўляцца, калі стваральнікі будуць дадаваць новыя падзеі. Для іншых каляндар-прылад спатрэбіцца абнаўляць самастойна, пампуючы файл каляндара нанова.
«Гугл-каляндар надзейна захоўвае дадзеныя сваіх карыстальнікаў, таму дадзеныя тых, хто дадасць да сябе наш каляндар, не даведаемся нават мы. Але праз меры бяспекі мы раім беларусам, што знаходзяцца ў краіне, не дадаваць сабе гэты каляндар, бо пры даглядзе тэлефону гэта можа выклікаць пытанні да вас. Беражыце сябе», – адзначае ByProsvet.
Таксама праект прапаноўвае беларусам далучацца да стварэння агульнага беларускага народнага календара.
«Запрашаем вас напоўніць каляндар тымі падзеямі беларускай гісторыі, пра якія на вашую думку важна памятаць! Кожны можа стаць часткай нашай агульнай справы, паўплываць на напаўненне календара, пакінуць у ім свой след», – працягвае ByProsvet.
Прапановы гістарычных падзей можна дасылаць праз тэлеграм-бот: @by_prosvet_feedback_bot.