навіны

Расейцы мяняюць кірунак атак, але фронт застаецца стабільным. Што вядома?

Вайна ва Украіне (Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Вайна ва Украіне (Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне, падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 7 студзеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 683-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Вайна ва Украіне (Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Вайна ва Украіне (Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё трох атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Іванаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.
У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра няўдалыя атакі ўкраінцаў каля Сынькоўкі і Іванаўкі.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў удакладняе, што войскі намагаліся прарваць абарону ЗСУ ў Сынькоўцы пры падтрымцы авіяцыі, але поспеху не дасягнулі.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы агулам засяродзіліся на нанясенні ўдараў па пазіцыях праціўніка на купянскім кірунку, а наземныя аперацыі праводзяцца выключна з мэтай паляпшэння тактычнага становішча.
Зменаў лініі фронту не зафіксавана.
На ліманскім кірунку ідуць сустрэчныя баі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці. Пегаў піша пра пераменны поспех праціўнікаў.
Абодва бакі атакуюць і каля сяла Церны на поўначы Данецкай вобласці – фронт стабільны.
На бахмуцкім кірунку войскі цягам апошніх содняў наступалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Хромава, Клішчыеўка, Андрэеўка і Арэхава-Васільеўка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Multi_XAM» сцвярджае, УС РФ замацаваліся ў паўночнай частцы Багданаўкі (на захадзе ад Бахмуту). Атакуючы на гэтым участку фронту яны імкнуцца абысці групоўку ЗСУ з паўночнага захаду ад сяла Іванаўскае. Паводле крыніцы, на гэтым фоне асобныя перадавыя атрады ўкраінцаў адцягваюцца да каналу Северскі Данец – Данбас для перагрупавання.
На паўночным фланзе аўдзееўскага кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі восем атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, у гэты ж час на паўднёвым фланзе – 16 атак каля Первамайскага і Невельскага.
Аналітыкі Deepstate удакладняюць, што на поўначы расейцы крыху змясцілі акцэнт сваіх атак з ваколіцаў Стэпавога на Аўдзееўскі коксахімічны завод і суседнія лецішчы. На паўднёвым участку асноўны ціск ідзе на Первамайскае, дзе войскі РФ наступаюць адразу ў некалькіх месцах.
Пегаў адзначае, што населены пункт штурмуюць пасля нанясення авіяцыйных удараў. Таксама ваенкор піша, што ў суседнім Невельскім баі маюць сустрэчны характар.
На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ цягам содняў наступалі на Новаміхайлаўку, каля Пабеды і з боку Мар’інкі на суседнюю Георгіеўку.
Ва ўкраінскім камандаванні заявілі пра адбіццё дзевяці атак праціўніка каля Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.
Між тым аналітыкі Deepstate гавораць, што УС РФ прасунуліся на захадзе ад Мар’інкі.
Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ ўдакладняюць, што расейцы перанеслі свой асноўны ўдар з Новаміхайлаўкі на Георгіеўку, паколькі каля першага населенага пункту цягам тыдня не змаглі дасягнуць аніякіх поспехаў.
Ва ўкраінскім камандаванні паведамілі пра адбіццё атакі праціўніка з поўдня ад сяла Навадараўка на мяжы Запарожскай і Данецкай вобласцяў.
Між тым агулам гэты ўчастак фронту характарызуецца рэдкімі наземнымі аперацыямі пры пастаянным абмене ўдарамі артылерыі.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы атакуюць каля сёлаў Работына, Навапрокапаўка і Вэрбовае (з поўдня ад гораду Арэхаў), імкнучыся палепшыць сваё тактычнае становішча. Зменаў па фронце не зафіксавана.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10