У Швейцарыі памёр беларускі добраахвотнік Мікалай Сікорскі – яму «праламалі чэрап»
09.01.2024, 19:08
Мікалай Сікорскі. (Фота: Ціхан Клюкач / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
51-гадовы беларус ваяваў ва Украіне з 2017 года.
У Швейцарыі 7 студзеня памёр 51-гадовы беларускі добраахвотнік Мікалай (Немец) Сікорскі. Пра гэта паведаміў у сваім Facebook ваяр палка Каліноўскага Ціхан Клюкач.
Мікалай Сікорскі. (Фота: Ціхан Клюкач / Facebook)
«Памёр ад чэрапна-мазговай траўмы, нанесенай рукамі мігрантаў з краінаў Афрыкі», – піша Ціхан Клюкач.
Сябар памерлага Віктар Бугаёў распавёў «Zerkalo», што апошнім часам Мікалай Сікорскі разам з маці жыў у Швейцарыі. Жанчыне далі там палітычны прытулак, а Мікалаю адмовілі. Былога добраахвотніка нібыта хацелі дэпартаваць у Польшчу, але сам ён збіраўся ва Украіну.
Паводле Бугаёва, некалькі месяцаў таму Сікорскаму «праламалі чэрап, ён ляжаў у рэанімацыі», але «потым былі нейкія наступствы», і «стан паступова пагаршаўся».
Сікорскі ваяваў ва Украіне з 2017 года. Ён уваходзіў у добраахвотніцкі корпус «Правы сектар», а ў 2022 годзе быў валанцёрам палка «Пагоня».