навіны

У Браславе пасля хапуну звольнілі сем працаўнікоў Музею традыцыйнае культуры

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Замяніць іх няма кім, музею пагражае страта непаўторнай спецыфікі.

Як паведамляе «Віцебская Вясна», страцілі працу тыя спецыялісты Музею традыцыйнай культуры, якія ў снежні 2023 года трапілі пад палітычна матываваны адміністратыўны пераслед. У тым ліку звольнілі загадчыцу музею Элеанору Зінкевіч.
Хапун адбыўся ў Браславе ўночы з 21 на 22 снежня 2023 года. Міліцыянты затрымалі васьмярых мясцовых жыхароў, кагосьці з іх адпусцілі пасля складання пратаколаў, але дзве сямейныя пары – Рулевічаў і Зінкевічаў – былі пакараныя адміністратыўным арыштам на 15 содняў.
За краты трапіла стваральніца браслаўскага Музею традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч і ейны муж, выбітны браслаўскі ганчар Валеры Зінкевіч. 15 содняў адбыла таксама майстрыха ў галіне традыцыйнага ткацтва Людміла Рулевіч, якая займалася вывучэннем і папулярызацыяй народных рамёстваў. У суседняй камеры браслаўскага ІЧУ адбываў арышт ейны муж.
І тыя, хто быў пакараны адміністратыўным арыштам, і тыя, каго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў, потым былі звольненыя з працы.
Праваабаронцы адзначаюць, што вызваленыя пасады пакуль не занятыя: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю – знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры. Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем застаецца даследніцкая і навуковая праца музею – ёй цяпер папросту няма каму займацца.
Пасля гэтых звальненняў браслаўскаму Музею традыцыйнай культуры пагражае страта непаўторнай спецыфікі, адзначае «Віцебская Вясна».
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10