Агент міліцыі пляваў у твар журналісту БТ на пратэстах 2020 года – медыі
12.01.2024, 15:50
Аляксей Радына плюе ў Аляксандра Хараўца. Скрыншот: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia
За гэта яму яшчэ і заплацілі.
Аляксей Радына – удзельнік пратэстаў-2020, які плюнуў у твар журналісту БТ Аляксандру Хараўцу. Аказваецца, мужчына гэта зрабіў не праз эмацыйны парыў, даведаліся журналісты «Нашай нівы».
Аляксей Радына плюе ў Аляксандра Хараўца. Скрыншот: «Белсат»
«Аказваецца, усё проста. Радына быў на заданні. Ён – платны агент лукашэнкаўскіх сілавікоў. Мяркуючы па базах інфармацыі, 38-гадовы Аляксей Радына быў у розны час і кіроўцам таксі, і будаўніком. Агулам за жыццё ён змяніў больш за 30 месцаў працы, але мае значэнне толькі адно з іх – кампанія “Ларыскор”», – піша выданне.
Паводле «ByPol», «Ларыскор» – гэта фіктыўнае месца працаўладкавання для агентаў міліцыі. Сярод іх і Аляксей Радына.
Аляксей Радына плюе ў Аляксандра Хараўца. Скрыншот: «Белсат»
«Пасля пляўка ў Хараўца на яго насамрэч склалі пратакол па артыкуле 23.34. Найхутчэй, яго зняволенне было аформленае як чарговая камандзіроўка», – адзначаюць журналісты.
У звестках «Вясны» пра затрыманні дзве згадкі пра Аляксея: яго нібыта пакаралі 14 соднямі пасля Маршу герояў і за інцыдэнт з Хараўцом.
«Ён раней жыў у нашым двары. Там яго і затрымалі праз некалькі дзён пасля таго маршу з пляўком. Аляксей пасля распавядаў, што яго нібыта прыпякалі электрашокерам. І сказаў, што яму параілі больш не жыць у нашым двары. Ну і з’ехаў кудысьці. Апошні раз бачыў яго перад Новым годам 2020/2021. Інфармацыю пра яго знайшлі выпадкова. У двары пасля абмяркоўвалі, што мы як дурні збіралі дапамогу, а ён, аказваецца, быў з “Ларыскору”», – расказаў журналістам адзін з суседзяў Радыны.