У Віцебскай калоніі памёр палітвязень, асуджаны за ахвяраванні
13.01.2024, 17:12
Вадзім Храсько. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
podpis źródła zdjęcia
50-гадовы Вадзім Храсько хварэў на пнеўманію.
У калоніі № 3 «Віцьба» ад пнеўманіі памёр 50-гадовы Вадзім Храсько, прысуджаны да зняволення за некалькі ахвяраванняў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вадзім Храсько. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Вадзім Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года. У жніўні суддзя Сяргей Хрыпач прысудзіў яго да трох гадоў зняволення паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Вадзім быў накіраваны ў калонію, нягледзячы на тое што меў сур’ёзную хваробу. 3 лістапада МУС унёс палітвязня ў «спіс экстрэмістаў».
13 кастрычніка 2023 года адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Вадзіма ў Вярхоўным Судзе. Судовая калегія пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд у сіле.
Вадзім Храсько памёр у ноч з 8 на 9 студзеня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», Вадзім меў шэраг захворванняў і моцна хварэў у зняволенні. Афіцыйнай прычынай смерці сталася пнеўманія. У шпіталь Вадзіма даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
Афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць інцыдэнту ў віцебскай калоніі. 12 студзеня Вадзіма пахавалі ў Менску.
Гэта чацвёртая вядомая смерць палітвязня за кратамі.
Першы вядомы выпадак смерці палітычнага зняволенага за кратамі – смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальнай справы.
7 траўня 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінску Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сэрцавай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
Ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не надалі дапамогі ў гарадзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў больніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.