Інвестар з Расеі дамогся праз суд арышту выплат па беларускіх еўрабондах
15.01.2024, 19:43
Беларускія рублі. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Ці можа гэта паўплываць на вяртанне грошай прыватным інвестарам?
Кемераўскі арбітражны суд арыштаваў выплаты амаль на мільён беларускіх рублёў па еўрабондах Беларусі на карысць расейскага інвестара. Пра гэта паведамляе РБК.
Беларускія рублі. (Фота: Белсат)
Арыштавана 964,3 тыс. беларускіх рублёў, якія знаходзіліся ці паступілі ад Мінфіну Беларусі і ляжалі на спецыяльным рахунку ў Беларусбанку.
Расейскі прыватны інвестар Ігар Пракудзін падаў пазоў да Беларусбанку і Citibank (быў агентам па беларускіх еўрабондах да 2022 года), бо да гэтага часу не атрымаў грошы на свой рахунак у Расеі. Інвестар патрабуе ад Беларусбанку перавесці сродкі з рахунку брытанскай структуры на свой асабісты.
Расейскі інвестар валодае 5200 аблігацыямі Мінфіну Belarus-2026 (са стаўкай купона 5, 875 %), разлічвае атрымаць выплаты на агульную суму $ 150 тысяч у эквіваленце.
У верасні мінулага года расейскі суд адмовіў Пракудзіну ў задавальненні яго іску па атрыманні належнага яму купоннага даходу па беларускіх еўрааблігацыях.
У пачатку ліпеня 2022 года Мінфін Беларусі паведаміў, што лонданская філія Citibank спыніла абслугоўваць еўрааблігацыі дзярждоўгу краіны, што стварыла цяжкасці з правядзеннем плацяжоў па іх. Спачатку міністэрства стала шукаць новага контрагента, а потым паведаміла, што выплаты па еўрааблігацыях будуць праводзіць у беларускіх рублях. Праз такі механізм Мінфін правёў некалькі выплат па чатырох выпусках еўрабондаў: Belarus-2026 ($500 млн), Belarus-2027 ($600 млн), Belarus-2030 ($600 млн) і Belarus-2031 ($750 млн). У канцы снежня Мінфін выплаціў чарговы працэнтны даход па беларускіх еўрааблігацыях, размова ішла аб бондах Belarus-2027.
Праблемы з атрыманнем выплат па бонда ўзнікалі ў тым ліку ў расейскіх інвестараў. У канцы лістапада Банк Расеі распрацаваў механізм, які дасць магчымасць расейскім інвестарам атрымаць даход па еўрааблігацыях Беларусі. Размова ідзе аб выплатах у беларускіх рублях, без прыцягнення замежных інстытутаў. А ўжо ў снежні беларускае Міністэрства фінансаў паведаміла аб пачатку перадачы выплат па еўрааблігацыях Belarus-2023 расейскай НКА АТ «Нацыянальны разліковы дэпазітарый».