Эстонія палічыла мітрапаліта РПЦ пагрозай нацыянальнай бяспецы
18.01.2024, 17:08
Мітрапаліт Яўгеній (Фота: orthodox.ee)
podpis źródła zdjęcia
Са святаром неаднаразова праводзілі размовы і прасілі спыніць апраўданне расейскай агрэсіі.
Мітрапаліту Яўгенію, кіраўніку Эстонскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, пастанавілі не працягваць від на жыхарства праз апраўданне расейскага нападу на Украіну, расказвае «Postimees».
Мітрапаліт Яўгеній (Фота: orthodox.ee)
Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі паведаміў 18 студзеня пра пастанову не працягваць віду на жыхарства мітрапаліту Яўгенію (Валерыю Рашэтнікаву), бо ён стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы. Тэрмін ягонага дзейнага віду на жыхарства скончыцца 6 лютага.
Кіраўнік бюро памежнай аховы Пых’яскай прэфектуры Індрэк Ару растлумачыў, што Рашэтнікаў «у сваёй публічнай дзейнасці, у тым ліку ў публічных выступах, падтрымлівае дзеянні агрэсара і не змяніў сваёй лініі паводзінаў, нягледзячы на ранейшыя папярэджанні». Ён падкрэсліў, што пастанова датычыць дзеянняў канкрэтнага чалавека, але не закранае самой царквы Маскоўскага патрыярхату і яе вернікаў.
Гэтак жа дзейнасць мітрапаліта ацаніла і Паліцыя бяспекі Эстоніі. Сцвярджаецца, што са святаром неаднаразова праводзілі размовы і прасілі спыніць апраўданне расейскай агрэсіі.
Справу пракаментаваў і міністр унутраных справаў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс. Ён адзначыў, што Рашэтнікаў падпарадкоўваецца непасрэдна маскоўскаму патрыярху, які «ёсць сваім чалавекам Крамля, які ўзмацняе пасланні пуцінскага рэжыму і апраўдвае крывавую агрэсію, вайну супраць Украіны і дае ёй сваё так званае святое бласлаўленне як рэлігійны лідар».
У Эстоніі дзейнічаюць дзве праваслаўныя царквы: буйнейшая – Маскоўскага патрыярхату, меншая – Эстонская апостальская праваслаўная царква, якая трапляе пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхату.
Паводле звестак на канец 2021 года, хрысціянамі сябе лічаць 26,8 % жыхароў Эстоніі, у тым ліку 16,3 % лічаць сябе праваслаўнымі (з іх 74 % – этнічныя расейцы). Прыхільнікаў астатніх рэлігіяў разам – 2,1 %. Атэістамі сябе лічаць 58,4 % жыхароў Эстоніі, яшчэ 12,7 % не далі адказу пра рэлігію.