Палітвязняў у Беларусі сталі масава пераводзіць з калоніі ў калонію
18.01.2024, 12:35
Женская исправительная колония №4 в Гомеле (Фота: АВ / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Пераезд — гэта доўгі этап, пэўныя праблемы і пакуты».
Сваякі палітвязняў і праваабаронцы гавораць пра раптоўны перавод шматлікіх зняволеных з калоніі ў калонію. На паведамленні розных крыніц звярнула ўвагу радыё «Свабода».
Женская исправительная колония №4 в Гомеле (Фота: АВ / Белсат)
Адзін з суразмоўца выдання на ўмовах ананімнасці расказаў, што чуў ад сваякоў палітвязня. З невядомых прычынаў каля двух дзясяткаў «палітзэкаў-тэрарыстаў», як назваў іх суразмоўца, раптоўна паднялі і перавялі з калоніі № 22 «Воўчыя норы» ў іншае месца, на іхнае месца прывезлі новых. Адзін з пераведзеных знайшоўся ў калоніі пад Магілёвам, але прычынаў пераводу ён не расказаў – «відаць, разумее, што гэта небяспечна». Гэты чалавек у мінулай калоніі перажыў штрафны ізалятар, ператрусы, пераводы з атраду ў атрад.
Пра пераводы з калоніі ў калонію расказваюць таксама праваабаронцы «DissidentBy», у «абмене палітвязнямі» фігуруюць калоніі №№ 1, 2, 5, 6, 11, 15, 17, 22 (але не калонія № 3, дзе за апошнія восем месяцаў памерлі два палітвязні). Па словах супрацоўніцы праваабарончай ініцыятывы, «людзі баяцца лішняе слова напісаць хаця б камусьці». Паведамленняў аб масавым пераводзе ў іншыя калоніі «непалітычных» не было.
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які сам быў палітвязнем да мінулага года, згадаў у каментары «Свабодзе», што раней такія масавыя пераводы не практыкавалі – за паўтара года ў калоніі чуў толькі пра пару такіх выпадкаў, а часцей пераводзілі з аднаго атраду ў іншы ў межах адной калоніі. Пераводамі ў іншы атрад «перавыхоўвалі», таксама пераводзілі ў іншы атрад пасля штрафнога ізалятару. Навошта пераводзіць палітвязняў у іншыя калоніі, ён не можа ўявіць.
Праваабаронца Васіль Завадскі жа расказаў «Свабодзе», што пытанне пераводу зняволеных у іншую калонію ў выпадках, калі тое не было паводле рашэння суду, вырашалася не на ўзроўні саміх калоніяў, а на ўзроўні Дэпартаменту выканання пакаранняў. Такія пераводы былі выключнымі выпадкамі – напрыклад, паводле хадайніцтва сваякоў да бліжэйшай калоніі праз стан здароўя.
,,
«Магчыма, гэта своеасаблівае пакаранне за нейкую актыўнасць, бо пераезд — гэта доўгі этап, пэўныя праблемы і пакуты, – разважае Завадскі. – Плюс людзі мусяць наноў адаптавацца да ўмоваў у новай калоніі, што таксама складана. Мяркую, у Дэпартаменце выканання пакаранняў думаюць пра тое, каб яшчэ больш ускладніць жыццё асобным палітвязням».
Праваабаронца Павал Левінаў выказаў «Свабодзе» яшчэ адну здагадку: такімі пераводамі, магчыма, хочуць дадаткова запалохаць іншых вязняў. Ён згадаў, як адміністратыўна арыштаваных («на соднях») перакідвалі між камерамі, «каб ім было дрэнна і каб іншыя бачылі, што будзе, калі зоймуцца палітыкай».