У Вільні затрымалі двух беларусаў, якія хацелі «палюбавацца сталіцай». Літоўскія памежнікі ім не паверылі
19.01.2024, 21:10
Чыгуначны вакзал у Вільні. (Фота: kinfo.lt)
podpis źródła zdjęcia
Мужчын вярнулі на цягнік і суправадзілі да мяжы з Беларуссю.
17 студзеня ў Вільні былі затрыманыя два беларусы, якія сышлі з цягніка Калінінград – Санкт-Пецярбург. Яны патлумачылі свае дзеянні жаданнем палюбавацца сталіцай. Аднак кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў не верыць у гэтую версію.
Чыгуначны вакзал у Вільні. (Фота: kinfo.lt)
,,
«Па іхных словах, яны ехалі транзітам і хацелі палюбавацца Вільняй, таму хацелі сысці ў Вільні, – пракаментаваў інцыдэнт Любаеў 19 студзеня. – Насамрэч, у такую версію паверыць складана. Трэба заўважыць, што гэтыя людзі ехалі транзітам з Калінінграда ў Санкт-Пецярбург, відаць, яны проста хацелі сысці ў Літве».
Любаеў падкрэсліў, што на дадзены момант грамадзяне трэціх краінаў, якія могуць прыехаць у Літву, маюць магчымасць сысці з цягніка ў Кене ці Кібартай. Такіх выпадкаў, калі людзі спрабуюць сысці з цягніка ў іншых гарадах, бывае няшмат.
«За мінулы год не было ніводнага», – зазначыў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы.
Два беларусы былі затрыманыя на чыгуначным вакзале ў Вільні ўвечары 17 студзеня. Згодна з паведамленнем паліцыі, у 22:20 з цягніка Калінінград – Санкт-Пецярбург, які спыніўся ў Вільні, выйшлі двое мужчын. Іх затрымала ахова вакзалу. Высветлілася, што гэта грамадзяне Беларусі 1980 і 1972 г.н. У абодвух былі дзейсныя шэнгенскія візы. Іх вярнулі на цягнік і суправаджалі да станцыі «Кена», каб яны зноў не выйшлі з цягніка.
Як патлумачыў прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Гедрус Мішуціс, інцыдэнт стаў магчымым праз памылку персаналу цягніка, які ў Вільні па невядомай прычыне адкрыў дзверы вагона.
,,
«На Віленскім чыгуначным вакзале цяпер няма КПП. Цягнік робіць у Вільні толькі тэхнічны прыпынак. Пасажыры не могуць выйсці з цягніка ў Вільні. Пасажыры могуць выйсці ў Кене, дзе ёсць КПП», – сказаў Мішуціс.
Улады Літвы раней заяўлялі, што беларусы, якія прыязджаюць у краіну, могуць быць завербаваныя беларускімі спецслужбамі. У канцы 2023 года некалькі дэпутатаў-кансерватараў зарэгістравалі папраўкі ў закон аб абмежавальных мерах, якія прапаноўваюць абмежаваць выдачу часовага віду на жыхарства для грамадзянаў Беларусі.