навіны

Сітуацыя ва Украіне: Расейцы прасунуліся ў Харкаўскай і Данецкай вобласцях

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

«Белсат» падводзіць вынікі 695-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
Апошнія содні баявых дзеянняў на купянскім кірунку адзначыліся рэзкім павелічэннем наступальнай актыўнасці з боку Узброеных сілаў РФ: па словах украінскага камандавання, сілы абароны краіны адбілі не менш за 18 атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Табаеўка і Бераставое.
Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ усё ж дасягнулі поспеху на адным з участкаў фронту: пасля масіраванага артылерыйскага ўдару яны прасунуліся на адлегласць да паўкіламетра з усходу ад Табаеўкі ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пад іх агнявы кантроль перайшоў участак дарогі Н-26.
Мэтай наступу, па словах крыніцы, з’яўляецца выхад да ракі Аскіл, а таксама далейшае прасоўванне да Купянску з паўднёвага ўсходу.
Інфармацыю пра поспех расейцаў каля Табаеўкі пацвердзілі ў праекце Deepstate. Акрамя гэтага аналітыкі пішуць, што на купянскім кірунку расейцы адбілі частку пазіцыяў каля Арлянкі.
У Генштабе ЗСУ паведамілі, што на суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ 15 разоў атакавалі каля сёлаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці і восем – каля Белагораўкі і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне. Паўсюль сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.
У гэты ж час аналітыкі Deepstate фактычна пацвердзілі ранейшую заяву Міністэрства абароны РФ пра захоп сяла Вясёлае на Данеччыне.
падбіты расейскі карабель
падбіты расейскі карабель
На бахмуцкім кірунку расейцы наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру.
Украінскае камандаванне піша пра адбіццё дзвюх атак праціўніка каля сяла Багданаўка.
Разам з тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гавораць пра тактычнае прасоўванне УС РФ каля Багданаўкі.
Акрамя гэтага Пегаў фіксуе баі на захадзе ад Хромава і з паўночнага захаду ад Клішчыеўкі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што на поўначы ад Клішчыеўкі войскі РФ расшыраюць зону кантролю.
Між тым у Deepstate сцвярджаюць, што расейцы на гэтым участак фронту намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча, але поспеху не дасягнулі.
Разам з тым найбольшая інтэнсіўнасць атак расейцаў па-ранейшаму фіксуецца ў ваколіцах Данецку.
Па інфармацыі Генштабу ЗСУ, толькі на апошнія содні на поўначы аўдзееўскага кірунку сілы абароны краіны адбілі прынамсі 27 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Новакалінавае і Аўдзееўка, адначасова з гэтым на паўднёвым фланзе – 17 атак побач з Первамайскім і Невельскім.
Між тым іншыя крыніцы пішуць пра лакальныя поспехі войскаў РФ.
У Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся на захадзе ад дачнага пасёлку «Вінаграднікі» (паўднёвы фланг аўдзееўскага кірунку). Акрамя гэтага аналітыкі звяртаюць увагу на вялізную актыўнасць авіяцыі РФ: паводле крыніцы, за апошнія двое содняў расейцы скінулі не менш за 100 фугасных авіяцыйных бомбаў на пазіцыі сілаў абароны.
Канал «Два майора» піша аб прасоўваннях каля Невельскага і Первамайскага.
Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – адзначае прасоўванні на паўночным усходзе Аўдзееўкі: тут войскі РФ дайшлі да ўскрайкаў вуліцаў Коласава і Леванеўскага.
На суседнім мар’інскім кірунку асноўныя баі ідуць каля Краснагораўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі: украінскі бок фіксуе 15 няўдалых атак праціўніка на гэтых участках фронту.
Пры гэтым Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ крыху прасунуліся з поўдня ад Новаміхайлаўкі.
На поўдні Данецкай вобласці расейцы чатыры разы атакавалі на захадзе ад сяла Старамаёрскае і з поўдня ад Ураджайнага, але поспеху не дасягнулі.
У Запарожскай вобласці працягваюцца баі з поўдня ад гораду Арэхаў: тут Генштаб ЗСУ фіксуе пяць безвыніковых атак расейцаў у ваколіцах населеных пунктаў Вэрбовае і Работына.
Ваенкор Пегаў піша, што каля Работына баявыя дзеянні маюць сустрэчны характар.
У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.
Па словах украінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны адбілі 11 штурмаў праціўніка на херсонскім кірунку.
Пры гэтым найбольш гарачым участкам фронту застаюцца ваколіцы сяла Крынкі, дзе ідуць шчыльныя сустрэчныя баі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10