Каля 10 чалавек затрыманыя ў Шчучыне на мясцовым прадпрыемстве
19.01.2024, 20:08
Затрыманні ў Шчучыне. (Фота: dzyannica.by)
podpis źródła zdjęcia
Нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце.
«Хапун» адбыўся на ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс» – былі затрыманыя не менш за 10 супрацоўнікаў. Пра гэта 19 студзеня паведаміла мясцовая раённая газета «Дзянніца».
Затрыманні ў Шчучыне. (Фота: dzyannica.by)
Затрыманні адбыліся нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце. Цяпер ідзе праверка.
Шчучынская раёнка са спасылкай на супрацоўнікаў РАУС параіла ўсім уважліва вывучыць спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», каб «выпадкова не парушыць закон» ды папярэдзіла пра адміністратыўную і крымінальную адказнасць.
Папярэдні жорсткі «хапун» адбыўся некалькі дзён таму ў Драгічыне і вёсцы Сварынь, дзе затрымалі шасцёх мужчынаў. Нагодаю для ператрусаў стаўся нібыта пошук зброі. Зрывалі падлогу і навясныя столі ў дамах, выбівалі шкло ў машынах. Вядома, што пасля затрымання адзін мужчына трапіў у рэанімацыю, ягоны далейшы лёс невядомы. Праваабаронцы маюць звесткі з некаторых крыніцаў, што мужчыны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнесам»). На дзень 17 снежня мінімум адзін з затрыманых ужо быў вызвалены.
Масавыя затрыманні на прадпрыемствах і ва ўстановах Беларусі цягам апошніх месяцаў адбываюцца даволі часта, ледзь не штотыдзень.