Старшыня ЦВК Ігар Карпенка распавёў, як галасаваць беларусам, якія жывуць за мяжой
23.01.2024, 15:59
Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Ахвочым пакінуць свой голас на парламенцкіх выбарах прыйдзецца прыехаць у Менск.
Беларусы, якія жывуць за мяжой, змогуць узяць удзел у галасаванні на парламенцкіх выбарах на асобным участку, які для іх выдзелілі ў Менску. Пра гэта заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, піша БелТА.
Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. (Фота: Белсат)
,,
«Мы вызначымся сёння, як будуць галасаваць некаторыя катэгорыі грамадзянаў. У першую чаргу грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, выязджаюць за мяжу на сталае месца жыхарства, атрымалі адпаведныя пашпарты, але пры гэтым пакуль застаюцца грамадзянамі Беларусі і стаяць на консульскім уліку ў нашых дыпламатычных прадстаўніцтвах», – сказаў Карпенка.
Для беларусаў, якія адпавядаюць пералічаным крытэрам, будзе адкрыты ўчастак у Менску. Каб прагаласаваць, давядзецца прыехаць у Беларусь.
За мяжой выбарчых участкаў адкрываць не будуць.
Адзіны дзень галасавання ў Беларусі пройдзе 25 лютага 2024 года. Будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання.
4 красавіка 2024 года пройдуць выбары чальцоў Савету Рэспублікі, затым – дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад суб’ектаў грамадзянскай супольнасці і мясцовых саветаў дэпутатаў.