Як падрыхтавацца да прыходу сілавікоў: чатыры важных крокі
24.01.2024, 20:42
Рэпрэсіі ў Беларусі. Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia
Падрыхтаваць сябе, сваіх блізкіх, жыллё. Парадамі дзеліцца юрыстка «Вясны».
У Беларусі другі дзень сілавікі працягваюць вобшукі і затрыманні ў сем’ях асуджаных з палітычных прычынаў і ў былых палітвязняў. Нагадаем, 23 студзеня пад пераслед сілавікоў трапілі прынамсі 84 асобы, не менш за 37 былі затрыманыя. Нагодаю, паводле кіраўніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака, паслужыла тое, што сілавікі атрымалі доступ да звестак рэтэйлера «Еўраопт»: менавіта яго сэрвісам дастаўкі карысталіся актывісты, каб дапамагаць харчамі родным рэпрэсаваных. Як можна падрыхтавацца да падобнага візіту з боку сілавікоў і як сябе паводзіць?
Рэпрэсіі ў Беларусі. Калаж: Белсат
Парадамі на гэты конт дзеліцца з «Белсатам» юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва.
Па-першае, трэба падрыхтаваць саміх сябе да таго, што такое можа здарыцца, рэалістычна ацаніць свае магчымасці, свой эмацыйны стан і згодна з гэтым пакрокава прадумаць план, што рабіць у тым ці іншым выпадку.
«Першае, што вы мусіце зрабіць адразу, калі да вас прыйшлі сілавікі – гэта паведаміць сваякам ці сябрам пра гэта. Трэба прадумаць стратэгію сваіх паводзінаў. Ці вы здолееце маўчаць як мага больш, ці гатовыя не адчыняць дзверы і да таго, што іх будуць выломваць. Калі будзеце гаварыць – то што. Таксама варта ведаць свае правы падчас вобшукаў і допытаў. Можа быць не вельмі бяспечна моцна іх адстойваць у працэсе, але вы мусіце ведаць, што супрацоўнікі маюць і не маюць права рабіць», – кажа ў каментары «Белсату» экспертка.
Варта памятаць, што падчас вобшуку сілавікі маюць права шукаць і канфіскоўваць маёмасць. А вось калі яны пытаюць паролі ад тэхнікі ці спрабуюць дазнацца іншую інфармацыю – вы можаце яе не паведамляць. Бо атрыманне інфармацыі ад чалавека – гэта ўжо допыт, які мае свае працэдуры і правілы: ён праводзіцца са складаннем пратаколу, у прысутнасці адваката, вы можаце не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх.
«Перадача любой інфармацыі па крымінальнай справе, у тым ліку паролей – гэта тое, што якраз можа нашкодзіць чалавеку ці яго блізкім. Падчас допыту ёсць больш магчымасцяў гэтымі правамі карыстацца. Падчас вобшуку лепей не адказваць на пытанні, якія не тычацца вобшуку. Можна адказваць кшталту «давайце пакінем гэта для допыту», ці «я не буду адказваць без свайго адваката», – раіць Святлана Галаўнёва.
У вашых сваякоў мусіць быць загадзя падрыхтаваная інструкцыя, што ім трэба рабіць у выпадку, калі да вас прыйшлі сілавікі. Найперш гэта, канешне, звязацца з вашым адвакатам ці, калі яго няма – знайсці для вас абаронцу. Таксама сваякам варта паведаміць пра затрыманне ці вобшук праваабаронцам: у тэлеграм-канал «Вясны» ці акаўнце праваабарончага цэнтру ў Інстаграме.
«Важна паведамляць пра факты рэпрэсіяў праваабаронцам, бо тады іншыя людзі будуць ведаць лёс сваіх родных, калі кагосьці затрымалі, а таксама грамадства будзе ведаць маштаб рэпрэсіяў, якія адбываюцца ў краіне», – адзначыла нашая суразмоўца.
Магчыма, варта даць камусьці са сваякоў ці блізкаму чалавеку, якому вы давяраеце, доступ да сваіх акаўнтаў у інтэрнэце, каб у выпадку затрымання гэты чалавек мог паўсюль памяняць паролі ці выдаліць нейкую інфармацыю.
Паклапаціцца трэба і пра месца, дзе вы жывяце. Пажадана каб па месцы вашай рэгістрацыі, прапіскі і пражывання не было лішняй тэхнікі, шмат наяўных грошай, нейкіх дакументаў ці літаратуры, якія могуць прыцягнуць увагу. Перагледзьце свае кніжныя паліцы на наяўнасць літаратуры, якая можа быць прызнаная ўладамі «экстрэмісцкай».
Паглядзіце і пачысціце свае перапіскі ў месенжарах, сацыяльных сетках. Пачысціце свае кампʼютары, гаджэты, воблачныя сховішчы ад фота і відэа, якія могуць выклікаць пытанні. Розныя праваабарончыя ініцыятывы склалі шмат падрабязных інструкцыяў, што і дзе глядзець і чысціць ва ўсіх месенджарах і сацсетках. Знайдзіце іх і выканайце ўсе рэкамендацыі. Тое самае папрасіце зрабіць чальцоў сваёй сям’і.