Віктар Орбан заклікаў парламент краіны ратыфікаваць заяўку Швецыі на ўступ у NATO
24.01.2024, 20:09
Віктар Орбан і Енс Стольтэнбэрг. (Фота: aljazeera.com)
podpis źródła zdjęcia
Генсек NATO чакае ратыфікацыі «з нецярплівасцю».
Прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан заклікаў Нацыянальны парламент краіны прагаласаваць за далучэнне Швецыі да NATO.
«Толькі што скончыў тэлефонную размову з Генеральным сакратаром NATO Енсам Стольтэнбэргам. Я пацвердзіў, што вугорскі ўрад падтрымлівае сяброўства Швецыі ў NATO. Я таксама падкрэсліў, што мы працягнем заклікаць Нацыянальны сход Вугоршчыны прагаласаваў за ўступ Швецыі і правесці ратыфікацыю пры першай жа магчымасці», – напісаў вугорскі прэм’ер у сваім акаўнце сацыяльнай сеткі «Х».
Віктар Орбан і Енс Стольтэнбэрг. (Фота: aljazeera.com)
У сваю чаргу генсек NATO Енс Стольтэнбэрг напісаў, што «з нецярплівасцю чакае ратыфікацыі, як толькі збярэцца парламент».
Швецыя чакае ўступу ў альянс з 18 траўня 2022 года, падаўшы заяўку разам з Фінляндыяй. Апошняя стала 31-м сябрам Альянсу ў красавіку 2023-га, а вось заяўку Швецыі ратыфікавалі ўсе, акрамя Турцыі і Вугоршчыны.
У рэшце рэшт 23 студзеня 2024 года Анкара ратыфікавала заяўку Швецыі, зараз яна чакае подпісу Рэджэпа Таіпа Эрдагана, у выпадку з Фінляндыяй на гэта пайшло некалькі дзён.