«Рэжым працягвае запалохванне напярэдадні "выбараў"». ЕЗ асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі
25.01.2024, 18:05
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«ЕЗ салідарны з народам Беларусі і будзе падтрымліваць яго».
Еўрапейскі Звяз самым рашучым чынам асуджае хвалю рэпрэсій супраць былых палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, а таксама сваякоў палітвязняў, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэпа Бурэлья ад 25 студзеня.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
«Рэжым Лукашэнкі працягвае сваю годную шкадавання тактыку запалохвання і рэпрэсій супраць сваіх крытыкаў і патэнцыйных палітычных апанентаў напярэдадні “выбараў” у лютым.
Мы заклікаем улады Беларусі ўстрымацца ад далейшых рэпрэсій і гвалту, накіраваных супраць беларускага народу, і выконваць міжнародныя абавязанні Беларусі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых і спыніць неправамерныя судовыя пераследы», – падкрэсліваецца ў заяве.
Таксама ЕЗ запэўнівае, што застаецца салідарны з народам Беларусі і будзе працягваць падтрымліваць яго на шляху да незалежнай і дэмакратычнай краіны.
«Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць на празрыстых, свабодных і справядлівых выбарах», – заключае Бурэль.
Толькі з 23 па 25 студзеня ў выніку рэйдаў і ператрусаў, якія правялі беларускія сілавікі, пацярпелі больш за 100 чалавек, многія з якіх былі арыштаваныя.
МЗС Польшчы заклікаў даць «рашучы адказ» на рэпрэсіі і як мага хутчэй увесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.