У Гомлі не выходзіць на сувязь маці былога палітвязня Іллі Міронава
24.01.2024, 22:10
Ілля Міронаў разам з маці Валянцінай. Крыніца фота: homeldays.org
podpis źródła zdjęcia
Сын перажывае, што яе маглі затрымаць падчас «хапуну».
Маці былога палітвязня Іллі Міронава перастала выходзіць на сувязь з 23 студзеня. Жанчыну маглі затрымаць падчас «хапуну», які зладзілі сілавікі па ўсёй рэспубліцы цягам учорашняга дня.
Ілля Міронаў разам з маці Валянцінай. Крыніца фота: homeldays.org
Пра тое, што маці не выходзіць на сувязь, Ілля напісаў у сваім акаўнце на «Facebook». У сваім допісе ён звяртаўся да знаёмых з просьбай звязацца з жанчынай.
Інфармацыі аб тым, дзе зараз можа знаходзіцца маці Іллі Міронава, няма.
Сёлета жанчыне мае споўніцца 74 гады.
У Беларусі другі дзень сілавікі працягваюць правяранні і затрыманні ў сем’ях асуджаных з палітычных прычынаў і ў былых палітвязняў. 23 студзеня пад пераслед сілавікоў трапілі прынамсі 84 асобы (па іншых дадзеных каля 100). Не менш за 37 былі затрыманыя.
Затрыманні працягнуліся і сёння, 24 студзеня: паводле інфармацыі прэс-сакратара аб’яднання былых сілавікоў «BELPOL» і блогера «Народнага рэпарцёра» Аляксандра Кабанава, ператрусы праходзілі мінімум у трох сем’ях.
Праваабаронцы мяркуюць, што КДБ прыходзіць з ператрусамі і праверкамі ў сувязі з дапамогай сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», нядаўна прызнанай «экстрэмісцкім фармаваннем».
У сваю чаргу кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак сцвярджае, што сілавікі атрымалі доступ да звестак рэтэйлера «Еўраопт», сэрвісамі якога карысталіся актывісты, каб дапамагаць харчамі родным рэпрэсаваных, і паводле гэтых базаў «працавалі».