ЗША выступілі з асуджэннем новай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі
26.01.2024, 12:53
Мэт’ю Мілер. Крыніца: ukrinform.ua
podpis źródła zdjęcia
І паабяцалі новыя санкцыі.
Злучаныя Штаты Амерыкі асудзілі новую хвалю рэпрэсіяў у нашай краіне і паабяцалі, што працягнуць санкцыйны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту краіны Мэт’ю Мілер.
Мэт’ю Мілер. Крыніца: ukrinform.ua
«Злучаныя Штаты асуджаюць нядаўнія рэйды, затрыманні, учыненыя рэжымам Лукашэнкі, а таксама больш шырокія напады рэжыму на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненням народу Беларусі. Мы і далей будзем прыцягваць рэжым да адказнасці праз санкцыі і іншыя сродкі ў адказ на яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, а таксама яго сталае падтрыманне агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», – прыводзіць словы Мілера выданне «Reform.by».
Нагадаем, што 23–24 студзеня беларускія спецслужбы ўчынілі хапун ва ўсёй краіне, ахвярамі якога сталі 143 асобы.
Таксама 25 студзеня стала вядома, што Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні 20 так званых аналітыкаў Ціханоўскай, у гэты спіс увайшлі Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна.