навіны

Беларускім школьнікам зробяць факультатыў «Мая Айчына». Навучаць, што Лукашэнка – прэзідэнт

Аляксандр Лукашэнка ў школе (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка ў школе (Фота: president.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Скажы, што рабіць, калі парушаюцца правы, і паслухай пра крымінальную адказнасць.

Міністэрства адукацыі Беларусі зацвердзіла пастанову аб увядзенні для V-VII класаў факультатыву «Мая Айчына» і для VII або VIII класаў – «Асновы этыкету». Праграмы факультатываў апублікавалі 27 студзеня.
Аляксандр Лукашэнка ў школе (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка ў школе (Фота: president.gov.by)
Ва ўводзінах да дакументу гаворыцца, што галоўная мэта фармавання асобы чалавека – выхаванне «грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны». Заяўляюць, што ў вучняў хочуць сфармаваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і развіць крытычнае мысленне, але разам з тым раскажуць пра дзяржаўную ідэалогію.
Факультатыў «Мая Айчына» разлічаны на 105 гадзінаў – па 35 гадзінаў у кожным класе з пятага па сёмы, мовы беларуская і расейская. Фармальна факультатыў гэта не абавязковы занятак, але нельга выключаць, што яго не зробяць «добраахвотна-прымусовым», як паходы на хакей.
У праграме факультатыву для пятага класу сярод іншага прапісана:


,,

«Нашая Радзіма – Рэспубліка Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – А.Г. Лукашэнка».


Пра тое, што прэзідэнт можа быць іншы і што яго можна выбіраць, у праграме не гаворыцца.
З праграмы можна зразумець, што адначасова школьнікам будуць казаць пра іхныя гарантаваныя Канстытуцыяй правы і застрашваць пакараннямі за «непатрыятычныя» ўчынкі.
Пасля таго, як пяцікласнікаў азнаёмяць з паняткамі «Радзіма», «Айчына» і «дзяржава», іх пазнаёмяць з тэмай «закон» і прапануюць абмеркаваць правакацыйнае пытанне: «Што рабіць, калі парушаюцца мае правы?». Потым раскажуць пра «грамадзянскую адказнасць». Затым – пра малую і вялікую радзіму, геаграфію Беларусі, беларускія традыцыі і святы, званне «Герой Беларусі» і Вялікую айчынную вайну. Пад канец школьнікам прапануюць скласці праграму «грамадзянскага станаўлення асобы».
У шостым класе праграма пачнецца з вывучэння сімволікі Беларусі (ці будзе пра нацыянальную, а не толькі дзяржаўную, невядома) і напаміну пра тое, што Лукашэнка – прэзідэнт. Потым раскажуць пра «грамадзянскі ўчынак» і «грамадзянскі абавязак», пра беларусаў па нараджэнні і па паходжанні, пра сферы жыцця ў грамадстве. Пасля перапынку на раслінны і жывёльны свет вярнуцца да тэмы ўчынкаў – якімі ганарыцца і пра якія шкадаваць, раскажуць пра «годных грамадзянаў Айчыны» (якіх, не ўдакладняюць), пра архітэктурныя помнікі і літаратурныя творы (якія – зноў жа не пішуць), папросяць паразважаць, што школьнікі робяць, каб у будучыні быць карыснымі Радзіме, і раскажуць, як пазбягаць канфліктаў у сям’і. Факультатыў для шостага класу завершаць «інтэлектуальным марафонам» на тэму «Мы – спадкаемцы Перамогі».
У сёмым класе пачнуць з тэмы раўнапраўя і роўнасці перад законам, практыкуму з правакацыйнай назвай «Права на выражэнне свайго меркавання». Потым раскажуць пра мараль, культуру стасункаў у грамадстве, зноў пра адказнасць за свае ўчынкі і пра адказнасць за правапарушэнні, прапануюць падыскутаваць на тэму «Права на жыццё» (магчыма, вядзецца пра смяротнае пакаранне). Затым раскажуць пра дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні, прапануюць паразважаць пра «партрэт паспяховага чалавека», раскажуць пра сямейныя традыцыі, гістарычныя мясціны Беларусі і легенды пра іх, пра панятак «гераічны вычын». Спытаюць, чаму пра некаторых людзей кажуць «Ён герой» і раскажуць, каго лічыць героямі.
Факультатыў пра этыкет – усяго на 35 гадзінаў, з якіх 5 гадзінаў будзе пра вайсковы этыкет.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10