навіны

Хусіты цэліліся ў брытанскі танкер, а трапілі па расейскіх нафтапрадуктах

Хусіты (Фота: Rod Waddington / Flickr)
Хусіты (Фота: Rod Waddington / Flickr)
podpis źródła zdjęcia

Удар хусітаў па расейскім тавары – гэта ў пэўным сэнсе «агонь па сваіх».

Еменская групоўка «Ансар Алах», больш вядомая як хусіты, нанесла 26 студзеня ракетны ўдар па танкеры «Marlin Luanda» ў Чырвоным моры. Як даведалася «Reuters», гэты брытанскі танкер вёз расейскі ліграін.
Хусіты (Фота: Rod Waddington / Flickr)
Хусіты (Фота: Rod Waddington / Flickr)
Хусіты самі пахваліліся чарговым ударам па караблі ў Чырвоным моры. Аператар танкера, кампанія «Trafigura», паведаміла BBC, што ракетны ўдар прывёў да пажару ў адным з грузавых аддзяленняў, але агонь удалося стрымаць, людзі не пацярпелі. Паводле амерыканскіх чыноўнікаў, удар нанеслі антыкарабельнай ракетай.
Прадстаўнікі кампаніі расказалі «Reuters», што танкер вёз расейскі ліграін – гаручую сумесь вуглевадародаў, якую атрымліваюць праз перагонку нафты і нафтапрадуктаў і выкарыстоўваюць як сыравіну для нафтахімічнай прамысловасці і ў вытворчасці бензіну (у большасці еўрапейскіх моваў гэты прадукт называюць naphtha ці nafta). Кампанія сцвярджае, што ліграін купілі легальна, ніжэй за максімальную цану, вызначаную санкцыямі «вялікай сямёркі».
У канцы 2023 года хусіты заявілі, што будуць атакаваць «усе караблі, што накіроўваюцца ў Ізраіль». Менавіта Ізраілю шкоды выйшла няшмат, але атакі прывялі да таго, што гандаль праз Чырвонае мора практычна спыніўся. А маршрут праз Чырвонае мора і Суэцкі канал забяспечваў каля 12 % сусветнага марскога гандлю.
У сярэдзіне студзеня 2024 года Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства пачалі наносіць удары па вайсковых аб’ектах хусітаў. ЗША тыдзень таму вярнулі хусітаў у спіс тэрарыстаў.
Удар хусітаў па расейскім тавары – гэта ў пэўным сэнсе «агонь па сваіх». Хоць Крэмль не падтрымлівае хусітаў наўпрост, але мае з імі кантакты і таксама сябруе з Іранам і атрымлівае ад яго зброю для вайны ва Украіне, а Іран падтрымлівае хусітаў, таксама як тэрарыстаў «Хамасу» і «Хізбулы».
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10