навіны

Новыя факты палявання на сваякоў актывістаў і штрафы за «экстрэмізм». Хроніка рэпрэсіяў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
podpis źródła zdjęcia

Агляд пераследу беларусаў па палітычных матывах за 26 студзеня.

«Белсат» працягвае фіксаваць палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
Полацкую пенсіянерку арыштавалі за спасылку ў прыватнай перапісцы
65-гадовая палачанка Людміла Анашкевіч трапіла пад хапун 23 студзеня. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільнік і лісты Вольгі Брыцікавай – лідаркі незалежнага прафсаюзу «Нафтана», пішуць праваабаронцы з «Віцебскай Вясны».
У тэлефоне жанчыны яны адчынілі прыватную перапіска з знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Яна даслала яму спасылку на артыкул з рэсурсу, які ўлады прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Гэта стала падставай для адміністрацыйнага пратаколу на палачанку.
25 студзеня Людміла Анашкевіч асудзілі на 15 сутак арышту – такі вырак вынес суддзя Андрэй Дзергачоў.
У Полацку затрымалі маці жанчыны, якая правяла антываенную акцыю на школьнай лінейцы
Праваабаронцам становяцца вядомыя новыя факты палявання на сваякоў актывістаў.
23 студзеня ў Полацку, як паведамляе «Віцебская Вясна», была затрыманая Людміла Воўк. Яе дачка Ганна Тукава 1 верасня 2022 года зладзіла антываенную акцыю падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі №1. Тады Ганну тройчы аштрафавалі. Паводле ўсіх прысудаў яна павінна была заплаціць дзяржаве 7360 рублёў.
Прычына затрымання Людмілы Воўк і яе далейшы лёс – невядомыя, адзначаюць праваабаронцы.
У Менску за пагрозы міліцыянеру затрымалі майстра вытворчага навучання сталічнага каледжа
Сцвярджаецца, што 39-гадовы мужчына « у адным з »дэструктыўных« тэлеграм-чатаў апублікаваў на адрас супрацоўніка міліцыі Савецкага РУУС сталіцы пагрозы фізічнай расправы».
Сам затрыманы кажа на відэа сілавікоў, што толькі пакідаў «негатыўныя» ці «кепскія» каментары ў дачыненні міліцыянераў, у чым сваю віну прызнае. Крымінальную справу распачалі «за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Майстру пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Ратавальнік са Светлагорска замяніў чырвона-зялёны сцяг на ўкраінскі. Яго адправілі ў калонію
Суд Светлагорскага раёну вынес вырак жыхару пасёлка Сасновы Бор Валерыю Самсоненку. 41-гадовы Валерый Самсоненка прыгавораны да года калоніі па артыкуле 370 Крымінальнага кодэксу (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
У ноч на 14 кастрычніка 2023 г. у цэнтры Сасновага Бора ён зняў з флагштока і выкінуў у сметніцу чырвона-зялёны сцяг, а на яго месца прымацаваў сцяг Украіны.
Валерыя неўзабаве вылічылі па камеры відэаназірання, усталяванай на будынку сельсавету.
Валерый Самсоненка раней працаваў у Светлагорскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, але звольніўся адтуль, паведамляе «Гомельская вясна».
Супраць экс-палітзняволенай завочна завялі крыміналку за інтэрв’ю
Жанчына ў 2021 годзе была асуджаная на 2,5 года калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля таго, як адбыла свой тэрмін, яна зʼехала з Беларусі і дала інтэрвʼю «экстрэмісцкаму фармаванню» аб абставінах яе затрымання і адсідкі.
Жанчыне інкрымінуюць аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ). Адзначаецца, што фігурантка справы знаходзіцца за мяжой.
Мяркуючы па апісанні, імаверна, гаворка ідзе пра былую палітзняволеную Ганну Вішняк, паведамляе «Вясна».
Наваполацкую танцорку аштрафавалі за «экстрэмізм у сацсетцы»
Суддзя суда Наваполацку Зінаіда Балаболава 11 студзеня за нібыта распаўсюд у сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкага» кантэнту пакарала штрафам у памеры 600 рублёў удзельніцу Школы ўсходняга танца «Джан» Вольгу Сачыўку, піша «Віцебская вясна».
На судовым пасяджэнні стала вядома, што Вольга на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» мела спасылкі на інтэрнэт-супольнасць з назвай STOP LUKA і, інтэрнэт-старонку з назвай Belsat. Маладая жанчына ў судзе віну і дачыненне да ўчыненага «правапарушэння» прызнала, на даследаванні доказаў па справе не настойвала.
Суддзя Балаболава ў рамках ч. 2 арт. 19.11 КаАП падвергла Сачыўку адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры пятнаццаці базавых велічынь, што складае 600 рублёў.
Ася Саковіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10