навіны

Цяжкі баі пад Бахмутам і ў Аўдзееўцы. Што адбываецца ва Украіне?

вайна ва Украіне (Фота: Вадзім ФІлашкін / Telegram)
вайна ва Украіне (Фота: Вадзім ФІлашкін / Telegram)
podpis źródła zdjęcia

Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

«Белсат» падводзіць вынікі 702-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.
На паўночным усходзе Украіны ініцыятывай працягваюць валодаць Узброеныя сілы РФ, але агулам сітуацыя застаецца пад кантролем ЗСУ. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі на купянскім кірунку адбілі шэсць атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Табаеўка і Стэльмахаўка, у гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку – пяць атак каля Макееўкі, Цернаў і Торскага. Зменаў па лініі сутыкнення не зафіксавана.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што фронт у ваколіцах Цернаў патрабуе ўдакладнення.
На бахмуцкім кірунку расейцы наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр. У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра восем няўдалых атак праціўніка каля сёлаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Тэлеграм-канал Рыбарь піша, што на паўночным фланзе ЗСУ выбілі праціўніка з цэнтральнай часткі Багданаўкі, пасля чаго расейцы занялі пазіцыі на паўночным усходзе сяла.
У гэты ж час на поўдні УС РФ прасунуліся па лесапасадках да паўднёва-ўсходніх ускрайкаў Іванаўскага. Адзначаецца, што цяпер расейцы намагаюцца заняць суседнія вышыні, кантроль над якімі дазволіць заняць самое Іванаўскае, якое знаходзіцца ў нізіне.
Цяжкую сітуацыю каля Іванаўскага фіксуюць і самыя байцы ЗСУ, але дэталі сітуацыі не раскрываюцца.
вайна ва Украіне (Фота: Вадзім ФІлашкін / Telegram)
вайна ва Украіне (Фота: Вадзім ФІлашкін / Telegram)
Больш маштабную наступальную аперацыю войскі РФ праводзяць у ваколіцах Данецку.
Паводле Генштабу ЗСУ, на поўначы аўдзееўскага кірунку сілы абароны краіны адбілі шэсць атак каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, у гэты ж час на поўдні – 10 атак побач з сёламі Первамайскае і Невельскае.
Між тым іншыя крыніцы паведамляюць пра цяжкія баі на поўдні самой Аўдзееўкі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што УС РФ замацаваліся на двух вуліцах у прыватным сектары.
Канал «Два майора» фіксуе пастаянныя баі ў ваколіцах базы адпачынку «Царська охота», дзе ЗСУ намагаюцца вярнуць раней страчаныя пазіцыі.
«Рыбарь» піша, што расейцы на гэтым участку фронту засяродзіліся на ўтрыманні занятых пазіцыяў. Крыніца адзначае, што войскі РФ кантралююць лесапасадкі паміж Ясінувацкім завулкам і чыгуначнай лініяй, а лецішчы на захадзе ад чыгункі застаюцца пад кантролем ЗСУ. Пры гэтым найбольш цяжкія баі ідуць на вуліцах Чарнышэўскага, Спартыўная і Саборная.
На мар’інскім кірунку фіксуецца самая вялікая шчыльнасць атак расейцаў – не менш за 25 у ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.
Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ крыху прасунуліся каля Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі.
Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што сітуацыя складаная па ўсім кірунку: акрамя атак, расейцы наносяць шматлікія ўдары авіяцыяй і артылерыяй па пазіцыях сілаў абароны.
На поўдні Данецкай вобласці, па словах украінскага камандавання, войскі РФ шэсць разоў атакавалі каля Вадзянога, Залатой Нівы і Старамаёрскага, але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» піша, што ЗСУ на бярдзянскім кірунку наступалі каля гораду Вуглядар, але таксама не мелі поспех.
У Запарожскай вобласці працягваюцца баі з поўдня ад гораду Арэхаў у ваколіцах сёлаў Вэрбовае і Работына. Аналітыкі Deepstate фіксуюць прасоўванні ўкраінцаў на захадзе ад першага населенага пункту.
У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізаваныя на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Генштаб ЗСУ піша пра шэсць няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў.
Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі атакавалі ў сяле Крынкі і выбілі праціўніка з шэрагу пазіцыяў.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10