Кіроўная кааліцыя ў Латвіі дамовілася забараніць імпарт беларускага і расейскага збожжа
30.01.2024, 11:17
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: slovoidilo.ua
podpis źródła zdjęcia
Удзельнікі кааліцыі лічаць, што гэта можа зрабіцца прыкладам для іншых краінаў Еўразвязу.
Кіроўная кааліцыя ў Латвіі дамовілася забараніць імпарт у краіну збожжа, што паходзіць з Беларусі і Расеі. Аб гэтым пасля кааліцыйнага збору, які адбыўся 29 студзеня, паведамілі прэм’ер-міністарка краіны Эвіка Сілыня, міністр сельскай гаспадаркі Армандс Краўзэ і старшыня фракцыі «Прагрэсіўных» у латышскім парламенце Андрыс Шуваеў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: slovoidilo.ua
У будучыні будзе створаны ўзмоцнены кантроль транзіту збожжа, што будзе ажыццяўляць Харчова-ветэрынарная служба. У яе задачы будзе ўваходзіць ацэнка якасці, бяспекі і паходжання прадукцыі, яна будзе вызначаць, ці ёсць збожжа расейскім, ці яно скрадзенае з акупаваных тэрыторыяў ва Украіне, паведамляе выданне «Delfi». З гэтай мэтай краіны – удзельніцы ЕЗ змогуць звяртацца да Украіны, што валодае навуковымі метадамі і базай звестак, каб вызначыць паходжанне зерня.
Таксама кааліцыя прыйшла да згоды ў тым, што кампаніі, якія выкарыстоўваюць у сваёй вытворчасці збожжа расейскага паходжання, не змогуць прэтэндаваць на праграмы падтрымання сельскай гаспадаркі.
Прэм’ер-міністарка Эвіка Сілыня адзначыла, што на сённяшні момант складана прагназаваць, якімі будуць фінансавыя наступствы забароны на імпарт. Але яна выказала спадзяванне, што рашэнне Латвіі падштурхне да падобнага рашэння і іншыя краіны Балтыі і Еўразвязу.
Андрыс Шуваеў назваў прынятае рашэнне правільным і адзначыў, што яно можа выклікаць шырокі рэзананс, падаўшы прыклад усяму Еўразвязу.
У сваю чаргу, міністр фінансаў краіны Арвілс Ашэрадэнс заявіў, што забараніць транзіт зерня ў гэты момант нельга, бо забарона не будзе законнай, а Латвія як маленькая краіна, на ягоную думку, не можа дапусціць супрацьпраўных дзеянняў, бо тым самым створыць рызыку таго, што іншыя краіны не будуць лічыцца з ёй.
У лютым кааліцыя збіраецца зацвердзіць адпаведны законапраект у парламенце. Пры гэтым, адзначае выданне, Сейм ужо перадаў на разгляд парламенцкіх камісіяў законапраект, падрыхтаваны апазіцыйным Народным аб’яднаннем, у якім прапісаная аналагічная забарона.
Пытанне аб забароне збожжа з Расеі ўздымалася даўно, аднак раней кіроўная кааліцыя прытрымлівалася думкі, што рашэнне павінна прымацца ўсім Еўразвязам. Бо калі Латвія прыме яго самастойна, то яго можна будзе абыходзіць праз іншыя краіны ЕЗ. Вядома таксама, што за забарону імпарту 25 студзеня выступаў прэзідэнт краіны Эдгар Рынкевіч.