У Менску захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі вырасла на траціну за тыдзень
29.01.2024, 17:13
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
podpis źródła zdjęcia
У зоне рызыкі малыя дзеці і людзі старэйшыя за 65 гадоў.
У Менску назіраецца сезонны ўздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Таму варта падумаць пра прышчэпку, раіць галоўная лекарка Менскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Іна Кандрэскул.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
«У Беларусі ВРІ і грып характарызуюцца сярэдняй інтэнсіўнасцю. За мінулы каляндарны тыдзень захваральнасць вырасла на 33 % у параўнанні з папярэднім тыднем», – кажа Іна Кандрэскул.
57 % хворых – гэта дзеці. Асабліва рызыкуюць захварэць дзеці да 3 гадоў, а таксама людзі старэйшыя за 65 гадоў і асобы з хранічнымі хваробамі.
Часцей за ўсё менчукі сутыкаюцца з адэнавірусамі, вірусамі парагрыпу і іншымі негрыпознымі рэспіраторнымі вірусамі. Ёсць адзінкавыя выпадкі грыпу А.
«Санітарна-эпідэміялагічная абстаноўка ў Менску стабільная, кантраляваная. Назіраецца сезонны ўздым ВРІ. Так, была насцярожанасць, прымаліся захады прафілактыкі вострых рэспіраторных захворванняў. Галоўная задача – перадухіліць развіццё масавых ВРЗ, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Трэба памятаць аб захаванні правілаў асабістай гігіены, рэспіраторнага этыкету, вакцынацыі супраць адру, грыпу і іншых», – падкрэсліла галоўная лекарка Менскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.
Паводле яе, вакцыны ёсць ува ўсіх менскіх установах аховы здароўя.