Урад Літвы падтрымаў прапанову ўзмацніць правяранне беларусаў на мяжы
31.01.2024, 21:02
Літоўска-беларуская мяжа. (Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
«Памежнікі мусяць дадаткова ацэньваць рызыкі».
Урад Літвы ўхваліў прапанову аб больш жорсткім правяранні беларусаў у пунктах пропуску на мяжы. Такім чынам, была падтрыманая норма ў законапраекце, які прадугледжвае працягненне на год абмежаванняў супраць грамадзянаў Расеі, паведамляе дзяржаўная тэлерадыёкампанія LRT.
Літоўска-беларуская мяжа. (Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram)
,,
«У выпадках, калі грамадзяне Беларусі мінаюць мяжу з шэнгенскай візаю, супрацоўнікі памежнай службы мусяць дадаткова ацэньваць рызыкі і пры неабходнасці ладзіць больш дэталёвае правяранне», – адзначаецца ў тлумачальнай запісцы.
Законапраект, у якім згадалі беларусаў, тычыцца найперш грамадзянаў Расеі і працягвае да 2 траўня 2025 года ўхваленыя раней абмежаванні.
Акрамя таго, дакумент распаўсюдзіць санкцыі на юрыдычных асобаў, у якіх сярод бенефіцыяраў ёсць расейскія грамадзяне, незалежна ад таго, ці маюць яны від на жыхарства ў Літве. Такім кампаніям абмяжуюць набыццё нерухомасці ў краіне.
Дасюль санкцыі Літвы супраць беларусаў і расейцаў адрозніваюцца, хаця некаторыя палітычныя сілы ў рэспубліцы выступаюць за ўніфікацыю захадаў. Такой пазіцыі прытрымліваецца, напрыклад, прэзідэнт Гітанас Наўседа – надоечы ён наклаў вета на закон з рознымі рэстрыкцыямі, праўда літоўскі парламент гэтае вета пераадолеў.