Беларускую кінапрэмію «Чырвоны верас» уручаць у Берліне
31.01.2024, 20:31
Bulbamovie 2023 (Фота: Наста Дубровіна / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю.
Цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» адбудзецца 17 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. На імпрэзе стануць вядомыя пераможцы ў 13 намінацыях прэміі, а таксама атрымальнікі ўзнагароды «Спецыяльная згадка».
Bulbamovie 2023 (Фота: Наста Дубровіна / Белсат)
Найлепшыя сярод беларускіх фільмаў 2021 і 2022 гадоў будуць названыя на цырымоніі ўзнагароджання кінапрэміі «Чырвоны верас», якая адбудзецца ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Падзея прызначаная на 19:00 17 лютага ў Gropius Bau Cinema, што месціцца ў галоўным будынку кінарынку Martin Gropius Bau.
«Гэта гонар, што ў час гуманітарнага крызісу ў краіне беларускае кіно не губляецца, а, наадварот, знаходзіць сваймі пляцоўкамі прэстыжныя міжнародныя фестывалі, якім яго патэнцыял і належыць, – кажуць сузаснавальнікі кінапрэміі «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. – Мы спадзяёмся, што цырымонія ўзнагароджання стане дадатковым натхненнем і матывацыяй для беларускіх кінааўтараў, каб працягваць сваю важную справу».
Пераможцаў вызначала журы з 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў. У доўгі спіс «Чырвонага верасу» ўвайшлі 70 дакументальных, ігравых і анімацыйных фільмаў.