Польскія памежнікі паказалі, як мігранты з беларускага боку шукаюць спосабы перайсці мяжу
02.02.2024, 17:56
Польска-беларуская мяжа (Фота: Straż Graniczna / X.com)
podpis źródła zdjęcia
З пачатку 2024 года – усяго 88 спробаў незаконнага пераходу.
Памежная ахова Польшчы апублікавала 2 лютага відэа з польска-беларускай мяжы, на якім група мігрантаў хутка перамяшчаецца ўздоўж памежнага плоту з беларускага боку. Пры гэтым незаконных пераходаў мяжы польскія памежнікі не фіксуюць ужо цягам некалькіх дзён.
Польска-беларуская мяжа (Фота: Straż Graniczna / X.com)
«Нягледзячы на тое, што цягам некалькіх дзён мы не фіксавалі спробаў нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы, мы па-ранейшаму назіраем групы мігрантаў, якія рухаюцца з беларускага боку ўздоўж мяжы нашай краіны», – паведамляе Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы.
Асобаў, якія перамяшчаліся ўздоўж польскай мяжы, шукаючы спосабы яе перайсці, бачылі ўчора на памежнай заставе ў Белавежы. Як сцвярджаюць польскія памежнікі, мігранты з’яўляюцца каля мяжы штодзень. Сітуацыю дапамагае кантраляваць электронная загарода, дзякуючы якой памежная ахова адсочвае перамяшчэнні з беларускага боку.
Як паведамляе беларуская служба Польскага радыё, МУС Польшчы паспрабуе змяніць падыходы да мігрантаў на мяжы з Беларуссю: «стаўленне да іх будзе больш гуманнае». Новае кіраўніцтва ведамства гаворыць пра стварэнне пошукава-ратавальных групаў, а таксама пра змены пастановы аб прымусовым вяртанні замежнікаў на беларускі бок (pushback).
З пачатку 2024 года ў Польшчу з боку Беларусі спрабавалі незаконна трапіць 88 чалавек. Між тым у студзені 2023-га былі зафіксаваныя 1400 спробаў нелегальна перайсці мяжу. Аднак казаць пра тое, што мігранцкі крызіс на мяжы з Беларуссю скончыўся, пакуль заўчасна, мяркуюць эксперты.