Лукашэнка прызначыў новага дырэктара ДФР і кіраўніка сакратарыяту УНС
02.02.2024, 14:53
Belsat
podpis źródła zdjęcia
ДФР узначаліў Андрэй Самбук, сакратарыят УНС – Валерый Міцкевіч.
Новым дырэктарам Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК стаўся чэкіст Андрэй Самбук, а сакратарыят Усебеларускага народнага сходу ўзначаліў былы дэпутат Валерый Міцкевіч. Пра гэта паведамляе БелТА.
Будынак КДБ у Менску, Беларусь. Крыніца: wikimapia.org
Раней Андрэй Самбук кіраваў следчым упраўленнем КДБ. Да яго пасаду дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК займаў Ігар Маршалаў. У лістападзе яго адправілі амбасадарам у Зімбабвэ.
Прызначаючы Самбуку на новую пасаду, Аляксандр Лукашэнка заявіў сілавікам, што хоча абмеркаваць пытанні функцыянавання «двух найважнейшых сілавых структураў» – КДБ і фінансавай выведкі, якую перадалі ў КДК. Тут «праблемаў стае», зазначыў самаабвешчаны кіраўнік. Акрамя таго, заявіў, што трэба абмеркаваць «кадравую праблему»: у ДФР «трэба надаць пэўны кірунак, можа быць, звязаны больш з сістэмнаю працай, як у Камітэце дзяржбяспекі».
Будынак КДБ у Менску, Беларусь. Крыніца: wikimapia.org (Фота: housegovby / Telegram)
Валерый Міцкевіч да нядаўна быў намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў VII склікання. У 2000-х быў намеснікам міністра юстыцыі, а таксама сябрам ЦВК. З 2009 да 2019 года займаў пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Цяпер Міцкевіч узначаліць сакратарыят Усебеларускага народнага сходу. Нагадаем, што УНС паводле новай Канстытуцыі мае статус «найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя».