У Беларусь не ўпусцілі трох ізраільцянаў за здымкі жаўнераў Цагалю
03.02.2024, 14:24
Нацыянальны аэрапорт «Менск». (Фота: minsk.aeroport.website)
podpis źródła zdjęcia
Затрымалі па прылёце, адправілі ў ізалятар, а пасля дэпартавалі.
У тэлеграм-канале «Израильские трудовыебудни» 2 лютага было апублікаванае відэа, на якім грамадзянін Ізраілю распавядае, што яго і ягоных сяброў затрымалі ў менскім аэрапорце пасля прылёту. Раніцай 3 лютага гэты ж тэлеграм-канал паведаміў, што мужчын дэпартавалі назад у Дубай, адкуль яны і прыляцелі.
Нацыянальны аэрапорт «Менск». (Фота: minsk.aeroport.website)
Сілавікі забралі ў затрыманых тэлефоны і пасля таго, як знайшлі там фотаздымкі жаўнераў Арміі абароны Ізраілю Цагаль адправілі мужчынаў у ізалятар аэрапорту.
,,
«Я разам з яшчэ двума сябрамі прыляцелі ўчора ноччу ў Менск і на пашпартным кантролі нас адвялі ў бок для допыту і дагляду. У нас забралі тэлефоны і актыўна іх правяралі, пакуль не знайшлі фатаграфіі ізраільскіх салдатаў, нават не нашыя, бо мы не служылі, – распавядае на відэа адзін з затрыманых Ліор Юнан. – Адзін афіцэр спытаў, хто гэтыя салдаты, і мы адказалі, што частка з іх – нашыя сябры, а астатніх не ведаем. У выніку афіцэр вырашыў, што мы злачынцы, і адправіў нас у ізалятар».
У ізраільцянаў канфіскавалі багаж, яны два дні правялі ў ізалятары амаль без вады і ежы. Паводле словаў Ліора Юнана, іх наведала прадстаўніца амбасады Ізраілю ў Беларусі, прынесла крыху ежы і вады, аднак «баялася казаць шмат».
Сітуацыю пракаментавала Міністэрства замежных справаў Ізраілю:
,,
«Справа вядомая і разглядаецца, консульства ў Менску знаходзіцца ў кантакце з ізраільцянамі і нават наведвала іх ва ўстанове і забяспечвала іх харчаваннем».
Раніцай 3 лютага стала вядома, што затрыманым не дазволілі ўезд у Беларусь і дэпартавалі ў Дубай.